Людзі падзяляюцца на тых, хто любіць вандраваць, і тых, хто – не дужа.

Сярод вандроўнікаў спрактыкаваны сацыёлаг выдзеліць «дзікуноў» (турыстаў-паходнікаў, ідэнтыфікуюцца ў любой кропцы гораду па аграмадным заплечніку) і «цывільных», ці аматараў пазнаёміцца з гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі ва ўсіх праявах (прыкметы: фотаапарат, ад «мыльніцы» да вялікага люстэркавага; фірмовыя басаножкі; бутэлька вады з сабой). У залежнасці ад наяўнасці шэнгенскай мульцівізы, грошаў ды імпэту «цывільныя» турысты аддаюць перавагу далёкаму ці блізкаму замежжу, а, бывае, і вандруюць па Беларусі.

Можна выдзеліць падвіды і бакавыя адгалінаванні галоўнага віду:

  • шопінг-турыст. Тут ўсё зразумела, Акропаліс, кірмаш у Бяле Падляскай. Распазнаецца на мінскіх вакзалах па вялікіх торбах з лагатыпамі больш ці менш вядомых брэндаў;
  • адукацыйны турыст. Удзельнічае ў бясконцых трэнінгах і семінарах, пераважна замежных, у трох грамадскіх арганізацыях і пяці валанцёрскіх праектах;
  • івэнт-турыст. Перасоўваецца ў купках сабе падобных. Івэнт можа быць самым нечаканым: ад арганізаванага тура на метал-фэст да чэмпіянату па пабудове іглу.

Віды і падвіды могуць наслойвацца і перамешвацца ў адвольных прапорцыях, усе ж усё разумеюць.

Свята «Сула» у вёсцы Маркавічы, Гомельскі раён. Фота: Алена Ляшкевіч

Свята «Сула» у вёсцы Маркавічы, Гомельскі раён. Фота: Алена Ляшкевіч

Хто такі этнавандроўнік

Мабыць, сярэдняе арыфметычнае між івэнт-турыстам і даследчыкам. Даследчыкам чаго? Традыцыйнай культуры. Не абавязкова прафесійным даследчыкам – этнавандроўнікі ўтвараюцца не толькі з навуковых работнікаў. Яшчэ з краязнаўцаў, зацікаўленых студэнтаў і проста вандроўнікаў, якім надакучыла глядзець толькі архітэктуру ды музеі. Нешта новенькае.

Як стаць этнавандроўнікам

  1. Абраць свята традыцыйнага календару, якое б зацікавіла настолькі, што дзеля яго не лянота заехаць у далёкую вёску;
  2. Даведацца (праз Сеціва, напрыклад), дзе гэта свята дасюль спраўляюць, як даўней;
  3. Усвядоміць, ці адолееш няблізкую (часцей за ўсё) дарогу;
  4. Ехаць.

Навошта

Беларускія традыцыі захоўваюць пераважна жанчыны старэйшага веку ў глыбінцы. Часта ад іх можна пачуць «Вось сёлета, мабыць, апошні раз выходзім». Але зноў наступае свята – і зноў ідуць. Ім трэба падтрымка і ўвага. Гараджане, у сваю чаргу, маюць шанец далучыцца да беларускіх традыцый, ад якіх шмат хто ўжо адарваны (памерлі ўласныя бабулі ды дзядулі, не спраўляюць святаў…).

Традыцыйнае свята не прадугледжвае падзелу на гледачоў ды ўдзельнікаў. Таму, калі этнавандроўнік адначасова не журналіст і не заняты працай, то мае вялікі шанец быць уцягнутым у святочнае дзеянне. Возьмуць у карагод, паваляюць у жыце, дадуць насіць святочны рэквізіт, навучаць танчыць… Забаўлянкі на любы густ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?