Сёння пасля рэканструкцыі была адкрытая першая чарга новага стадыёна футбольнага клуба «Мінск».

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац, старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Сяргей Румас, генеральны дырэктар футбольнага клуба «Мінск» Ігар Шлойда і іншыя службовыя асобы.

Арэна на вул. Маякоўскага (былы стадыён «Камвольшчык») мае дзве крытыя трыбуны агульнай умяшчальнасцю 3000 гледачоў. Газон штучны. Поле абсталяванае сістэмай падагрэву і падыходзіць для матчаў практычна любога ўзроўню.

Вакол поля ўстаноўленыя асвятляльныя мачты, ёсць сучаснае табло і каментатарскія кабіны. Тузін раздзявалак размясціўся ў адміністрацыйным корпусе. Адсюль непасрэдна на футбольнае поле каманды змогуць трапіць праз тунэль. Недалёка ад асноўнай арэны будуецца яшчэ адно поле, для трэніровак. Яно нестандартных памераў (паколькі пашырыцца ўжо не дазваляла тэрыторыя), там таксама плануецца ўсталяваць асвятленне для футбольных заняткаў у цёмны час сутак. Здаць трэніровачную пляцоўку збіраюцца да сярэдзіны лета. Агульная сума на рэканструкцыю стадыёна, па словах Ігара Шлойды, склала каля $8 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?