Свет пабачыла найноўшая распрацоўка расійскай абароннай прамысловасці — танк 5-га пакалення Т-14 «Армата», які па заяўленых характарыстыках пераўзыходзіць амаль усе аналагі ў свеце.
Аднак пакуль расійскія СМІ захапляюцца новай баявой машынай, яе ўвесь час пераследуюць розныя казусы — то танк проста заглухне, то блогеры ўбачаць дэталі, якія гнуцца на ветры. Каб разабрацца ў «Армаце», «Наша Ніва» пагутарыла з ваенным экспертам Аляксандрам Алесіным.
«НН»: Аляксандр, ці падзяляеце вы скепсіс некаторых экспертаў датычна баяздольнасці «Арматы»? Бо, пасля нядаўніх інцыдэнтаў з танкам некаторыя пачалі сцвярджаць, што гэта толькі «Пацёмкінская вёска» на гусеніцах.
— Ведаеце, не. У сённяшніх рэаліях многім, асабліва з антырасійскага лагера, крыўдна ўсведамляць, што ў Расіі з’явілася такая зброя. Менавіта з гэтага боку і дзьме вецер недаверу.
Бо ўкраінцы, напрыклад, разумеюць, што іх новыя «Аплоты» і «Ятаганы» — не канкурэнты расійскай «Армаце». «Леапарды» і «Абрамсы» таксама ўжо вычарпалі свой патэнцыял мадэрнізацыі.
Таму, па сутнасці, тварэнне «Уралвагонзавода» абнуляе распрацоўкі замежных прадпрыемстваў, якія таксама б’юцца ў пошуку новых рашэнняў. А што да фота блогераў — дык мне здаецца, што гэта фэйк.
НН: Дык у чым геніяльнасць танка?
— Мяркуйце самі — у «Арматы» нежылая вежа. Гэта дазваляе больш якасна забраніраваць танк і лепш абараніць экіпаж, які знаходзіцца ў тытанавай капсуле за пярэдняй бранёй. Тытанавая капсула — гэта ўвогуле тое, чаго раней не было нідзе, гэта галоўнае дасягненне стваральнікаў.
Паломка на Краснай плошчы.
Савецкія канструктары ўвогуле танкістаў не шкадавалі, але цяпер баявы камплект вынеслі з-пад ног экіпажа, што таксама павышае шанцы танкістаў на выжыванне ў выпадку дэтанацыі ўласных снарадаў. Таксама распрацоўшчыкі абяцаюць радар самалётнага тыпу, які будзе шукаць накіраваныя ў танк ракеты ці снарады, потым іх мусяць збіваць іншыя сістэмы.
«Армата» проста нашпігаваная рознага кшталту электронікай, усяго не пералічыш: гэта і камеры для 360-градуснага агляду поля бою, і інфрачырвоныя сістэмы, і распазнаванне «свой-чужы».
Акрамя таго, я бачу плюс у вынесенай у нежылую вежу гармаце — гэта пазбаўляе экіпаж ад парахавых газаў, ад іх, дарэчы, на вучэннях часам чадзелі цэлыя экіпажы старых танкаў.
«НН»: Дык вам насамрэч здаецца, што «Армата» – найлепшы танк у свеце? Як жа тады з ім ваяваць?
— Наконт найлепшага танка — гэта хутчэй аванс тым ідэям, якія ў яго закладзеныя. Але патрэбныя яшчэ выпрабаванні, досвед эксплуатацыі. Часта бывае так, што заяўлена адно, а па выніках – абы-што. Шмат залежыць і ад экіпажа.
Магу толькі сказаць, што калі ў серыйную вытворчасць запусцяць менавіта той танк, які заяўлены, то ваяваць з ім будзе досыць цяжка. Нейкія шанцы ёсць у «Абрамсаў» і «Леапардаў» за кошт брані са збяднелага ўрану. А вось у нас шанцаў няма ніякіх — самы баяздольны беларускі танк — гэта Т-72БМ 1985 года выпуску. Хай і мадыфікаваны, але ўсё роўна. Тэарэтычна, нашы ўзброеныя сілы здолеюць падбіць «Армату», калі тая выдаткуе ўсю сваю актыўную абарону на наш інтэнсіўны абстрэл і на яе зваліцца бомба альбо прыляціць падкаліберны снарад. Іншых шляхоў я не бачу. Бо снарады актуальных на сёння ПЗРК ляцяць адносна павольна, і «Армата» іх лёгка саб’е пры падлёце. Абарона «Арматы» пад гэта і заточаная.
«НН»: Ці ёсць у Беларусі шанец узяць гэты танк на ўзбраенне?
— Гэта справа дзесяцігоддзяў. У нас нават Т-90 яшчэ няма ніводнага. Таму гаварыць аб гэтым рана. Расія сама плануе пераўзброіцца толькі да 2020 года, таму малаймаверна, што ў нас штосьці з’явіцца раней ці ўвогуле з’явіцца.
«НН»: Ці здолее сама Расія пацягнуць серыйную вытворчасць танкаў коштам каля $8 млн за адзінку?
— Такіх танкаў раней не было, таму усе камплектуючыя ўнікальныя і дарагія. Але, калі «Армата» пойдзе ў серыйную вытворчасць, то кошт упадзе дзесьці да $4—5 мільёнаў. А пакуль будзем чакаць і сачыць за тым, што з усяго гэтага выйдзе.
Тэхнічныя характарыстыкі т-14 «Армата». АиФ





