Нацыянальны банк лічыць неабходным перагледзець умовы размяшчэння дэпазітаў насельніцтва. Адпаведныя рэкамендацыі рэгулятара нядаўна атрымалі камерцыйныя банкі Беларусі, якія займаюцца прыцягненнем укладаў. 

У рэкамендацыях, якія Нацбанк перадаў удзельнікам фінансавага рынку, гаворыцца аб неабходнасці «перагледзець падыходы да фарміравання працэнтных ставак» па ўкладах «у залежнасці ад тэрмінаў размяшчэння». 

У прыватнасці, камерцыйным банкам Нацбанк раіць забяспечыць прывабныя ўмовы па доўгатэрміновых укладах, у тым ліку «шляхам устанаўлення больш высокага ўзроўню працэнтных ставак па іх». 

Поруч з гэтым, паводле інфармацыі БелаПАН, Нацбанк рэкамендуе банкам «прадугледзець значнае зніжэнне працэнтных ставак па ўкладах» у выпадку датэрміновага зняцця апошніх. 

Беларускія эканамісты тлумачаць планы Нацбанка падаўжаць тэрміны размяшчэння ўкладаў жаданнем пераламаць негатыўную тэндэнцыю, якая за апошнія гады сфарміравалася на дэпазітным рынку. 

«Калі ў 2012—2014 гадах даходнасць па ўкладах зніжалася, пачынаўся адток дэпазітаў, гэта спараджала рост ставак, і гэты цыкл паўтараўся некалькі разоў. Нацыянальная валюта выступала ў гэты перыяд не як сродак доўгатэрміновых зберажэнняў, а як інструмент спекуляцый на рынку», — гаворыць эканаміст Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук. 

Сёння Нацбанк спрабуе вывесці краіну са спекулятыўнай пасткі і гэтая задача «з'яўляецца мегаактуальнай», лічыць эканаміст. Аднак, дадае эксперт, зрабіць рубель сродкам доўгатэрміновых зберажэнняў за кошт адных толькі адміністрацыйных мер не атрымаецца. 

«Чаму за апошнія гады ў нас назіралася спекулятыўная гульня з беларускім рублём? Сфарміраваліся высокія інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні. Калі насельніцтва будзе чакаць высокую інфляцыю або дэвальвацыю праз адзін або тры месяцы, ніякія адміністрацыйныя рашэнні ў бок падаўжэння тэрмінаў укладаў не прымусяць насельніцтва захоўваць зберажэнні ў рублях», — перакананы Дзмітрый Крук. 

Эксперты фінансавага рынку лічаць, што зрабіць рубель інструментам доўгатэрміновых зберажэнняў можна будзе ў выпадку зніжэння інфляцыі на доўгім прамежку часу.

«Сёння доўгатэрміновыя фінансавыя планы насельніцтва будуе часта ў замежнай валюце. Каб сітуацыя стала мяняцца, інфляцыя павінна быць ніжэйшай за 10% (а лепш — менш за 5%) некалькі гадоў», — лічыць эканаміст Кацярына Барнукова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?