Я быў цвёрда ўпэўнены, што самы тупы тэкст пра беларускую сталіцу напісалі два курчавыя расійскія пудзелі, якія наракалі на тое, што тут недастатковая колькасць надземных пешаходных пераходаў і бла-бла-бла. Але з’яўленне гэтага безумоўнага шэдэўра вымусіла зразумець, што, калі іх не спыніць, яны будуць працягваць пісаць, і кожны новы тэкст будзе яшчэ больш імбецыльны за папярэдні.

Таму я цвёрда вырашыў сесці і напісаць найгоршы тэкст пра «Мінск вачамі масквічоў» уласнаручна. Каб, пасля з’яўлення найгоршага, найтупейшага водгукі пачалі выпраўляцца, а снобаўскія кісо, перад тым як садзіцца плявузгаць на наш родны горад, прынамсі чэкілі, колькі макдональдсаў у ім ёсць. Такім чынам, паехалі!

фота Настассі Храловіч

фота Настассі Храловіч

Мы прыбылі ў Мінск на чыгунцы, у якой замест чаю нам усю дарогу прапаноўвалі нейкага гарбатага.

Так і было напісана на ламінаванай паперцы, пакінутай на стале: «кава» — так на польскай гучыць кофе, «вада» — так па-польску вода, і — «гарбатый», то бок чай. Мы гарбатага не пілі, але ўсё роўна сышлі з цягніка ў дрэнным настроі: у Сашыка зноўку нешта павалілася на рынку нафты.

Метро ў Мінску няма, таму мы пайшлі гуляць па горадзе пешшу. Валізу я ўвесь час цягнула за сабой, бо Сашык сказаў, што мне варта скінуць некалькі кілаграмаў. У Беларусі ёсць два гатэлі. Першы — гатэль «Мінск» на плошчы з чырвонай пімпай, а другі — гатэль «Еўропа», які рэкламуюць у часопісе «Таксі». Я дастала з ліфчыка $30, і мы пайшлі ў «Еўропу», але там мне сказалі, што за $30 у іх нумароў няма, і ў «Мінску» таксама не будзе. Таму мы патэлефанавалі маёй стрыечнай цётцы па дзядоўскай лініі і размясціліся ў яе на вуліцы Ротмістрава.

Цётка адразу сказала, што самае прыгожае месца ў Мінску — мікрараён Шабаны, ля якога нам пашчасціла жыць.

Мы з’елі халодную запечаную куру, якую не пачыналі ў цягніку, бо ў іх не было чаю, і пайшлі гуляць па Шабанах. Раён нам не спадабаўся, мы чакалі нечага кшталту Прагі, а там былі даволі аднолькавыя шэрыя будынкі, сярод якіх змрочна хадзілі нейкія бандэраўцы. Мы паспрабавалі даведацца ў бабулі, дзе тут які-небудзь сабор ці хаця б мост, але яна на сумесі польскай і рускай адправіла нас да далёкага буйнога будынка, які аказаўся заводам па спальванні смецця. Мы былі расчараваныя: ладна, каб на гэтым заводзе была хаця б якая статуя, але там зусім нічога было глядзець! І гэта самае адметнае месца самага прыгожага раёна Мінска? Камон, мінчане! Вам не сорамна за ваш горад? 100 гадоў гісторыі і нават атракцыёнаў не збудавалі!

Але беларусам не ўласцівая цяга да прыгажосці.

Уначы мы раздзярбанілі Сашаву заначку, выпілі, паспявалі «Этат дзень пабеды» і пачалі высвятляць у цёткі, былой настаўніцы геаграфіі для малодшых класаў, дзе ў Мінску можна маднява выпіць кавы. Яна сказала: найлепшае месца — гастраном «Каравай» на пл. Перамогі. Мы, канечне, здзівіліся, што кава ў гастраноме, але з раніцы паглядзелі маршрут па мапе і пайшлі.

Ісці было далёка, і мы клялі Мінск за тое, што ў ім няма метро. Але Саша дазволіў мне не браць валізу, хай сабе ў ёй і ляжыць яго каштоўны швэдар ад Tom Tailor за 4 тыс. рублёў. Калі нарэшце прыйшлі, пабачылі задушлівае памяшканне, у якім было набіта народу. Кава была моцнай і ў пластыкавым стаканчыку.

Камон, беларусы! Вы дагэтуль не ведаеце, што такое фрапэ і макіята? Вы дагэтуль не навучыліся рабіць веранды на вуліцах, як у «Шакаладніцы» ў Маскве? Як вам не сорамна!

Мы вырашылі падсілкавацца пасля доўгага пераходу ад Шабаноў да Перамогі і патэлефанавалі цётцы з пытаннем, куды пайсці. Мы былі гатовыя да сапраўды раскошнай вячэры з рахункам у 3 тыс.

Цётка сказала, што самае раскошнае месца ў Мінску — універсам «Цэнтральны», у якім абавязкова варта пачаставаць нейкую «піту з морквай». Мы пайшлі туды, і я, чэсна, у шоку! Там тлум, шмат народу, пахне ежай, з меню — толькі бутэрброды, аб піту размазала ўсю памаду, прыйшлося паўторна красіць! Як вы жывяце ў гэтым горадзе? Мы запыталіся ў п’янага маладзёна з нейкім кавалерыстам на заплечніку, дзе тут яшчэ можна пад’есці, і ён рэкамендаваў нам «златку» ў кіёску «Хутка-смачна». Трэба пакаштаваць!

Назаўтра мы паехалі на Лінію Сталіна. Сашык спачатку хацеў туды дайсці, бо метро ў Мінску няма, але сябра ў фэйсбуку параіў карыстацца аўтобусамі, яны ў Мінску яшчэ ходзяць. Лінія Сталіна мне спадабалася: гэта было даволі дарагое спа з выкананымі з бетону будкамі, стылізаванымі пад мілітары. Я ўсё высвятляла ў экскурсаводаў, ці жыў на гэтай лініі сам Сталін і калі жыў, то на першай ад мора лініі, ці на другой? А яны рабілі выгляд, што не разумеюць рускай мовы. Яшчэ мне спадабаліся балістычныя ракеты і танчыкі.

Пасля Лініі Сталіна мы вырашылі пад’есці ў «Хутка-смачна»: гэта быў звычайны кіёск з хот-догамі. Я паспрабавала замовіць там стэйк з яка, але цётачка мяне зноўку не зразумела. Нам з Сашыкам варта пачаць вучыць польскую мову, каб з дамаўляцца з абарыгенамі. Ужо некалькі словаў я засвоіла: «усмешка» — гэта па-польску улыбка, а слова «улыбка» ў польскай няма, бо ўсе беларусы — людзі злыя і крывадушныя, усміхаюцца толькі нядобра, нават мая стрыечная цётка, былая школьная вучыцельніца.

Дарэчы, наконт чысціні: у Мінску ніфіга не чыста, і паркаў няма, толькі новабудоўлі. Увечары мы вырашылі праехацца па горадзе на тралейбусе, ужо з рэчамі.

Я зацягнула нашую валізу ў 53 тралейбус, і мы прыехалі ў мікрараён Малінаўка.

Нам ён падаўся такім жа звычайным, як і Шабаны, толькі без завода па спальванні смецця. На прыпынку мы купілі ў бабулі семак, селі на парэбрык і падвялі вынікі вандроўкі: Мінск — дзіра, глядзець няма чаго, каву п’юць з пластыкавых стаканчыкаў, адна цікавостка — лінія Сталіна, толькі мы так і не высветлілі, дзе дакладна там жыў Сталін.

І тут Сашыку прыляцела ў галаву відавочнае.

Мінск жа гэта не толькі ежа і пітво! Гэта яшчэ і легендарная Брэсцкая крэпасць-герой! Як мы маглі на яе забыцца! Да цягніка заставалася тры гадзіны, і мы вырашылі знайсці крэпасць, нават калі да яе давядзецца бегчы. Мы запыталіся ў юнакоў, што сядзелі на лаўцы побач, як прайсці да Брэсцкай крэпасці. Іх спачатку збянтэжыла нашае пытанне, але потым яны падрабязна патлумачылі, як выйсці на трасу М1, ля якой знаходзіцца гэтая фартэцыя. Мы развіталіся з імі, я ўзяла валізу, паставіла яе на колы, і мы пайшлі проста ў аранжавую пекнату захаду.

 ***

Заўтра, 13-га мая, у Вільні, у 18.00 адбудзецца сустрэча з Віктарам Марціновічам, прысвечаная вандроўкам, дарозе і таму выбару, які стаіць перад кожным беларусам у замежжы. Адрас: Валакупю, 5, Еўрапейскі гуманітарны Універсітэт, аўдыторыя 302.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?