Судзяць былых кіраўніка Белкаапсаюза Сяргея Сідзько, начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Дзмітрыя Калодзезнага і яго намесніцу Элеанору Сізук, намесніка дырэктара фірмы «Адонісбудсэрвіс» Уладзіміра Ленскага, дырэктара фірмы «Саната-Буд» Аляксандра Дранькова, грамадзяніна Украіны Андрэя Турчанку, супрацоўніцу агенцтва па нерухомасці Ларысу Браздзецкую. Адны, згодна з абвінавачаннем, вымагалі хабар, другія — давалі, трэція — бралі.

Пра пачатак працэсу «Наша Ніва» расказвала раней.

Цяпер дапыталі Браздзецкую, якая праходзіць па эпізодзе з вымаганнем 500 тысяч даляраў для кіраўніцтва Белкаапсаюза. Жанчына, дарэчы, каля двух гадоў была ў вышуку, пакуль вялося расследаванне.

Армія з пасрэднікаў

Ларыса Браздзецкая нарадзілася ў 1963 у Новачаркаску. У Беларусь прыехала па размеркаванні пасля геолагаразведвальнага тэхнікума. Разведзеная. Ад 1999-га пачала працаваць у рыэлтарскіх агенцтвах.

«Я кантактавала са многімі агентамі: у нас прынята абменьвацца інфармацыяй. А ў той час [пачатак 2013] стала нерухомасць — не было продажаў. І мне патэлефанавала Вольга Варэннікава: сказала пра будынак на вуліцы Татарскай, 1200 квадратных метраў, які прадае яе знаёмы. Я пачала ўсім расказваць пра гэты аб’ект. Ім зацікавіўся агент Сяргей Церыкаў», — расказала жанчына.

Ёй паабяцалі камісійныя ($10,000), калі знойдзе кліента. Будынак прадавалі за 1,5 мільёна даляраў. Але з умовай, што траціну трэба перадаць у выглядзе задатку, астатняе ж пералічыць на рахунак Белкаапсаюза пасля падпісання дамовы.

Будынак на Татарскай, за які прасілі «адкат». Фота Сяргея Гудзіліна.

Будынак на Татарскай, за які прасілі «адкат». Фота Сяргея Гудзіліна.

У Церыкава акурат з’явіўся патэнцыйны кліент. Церыкаў прапанаваў выставіць цану $1,68 мільёна: маўляў, будуць таргавацца, каб было з чаго скінуць, а што застанецца звыш — пойдзе на камісійныя.

Такая вось рыэлтарская схема: Варэннікава — Браздзецкая — Церыкаў. І кожны пасярэднік разлічваў атрымаць куш. Але гэта не ўсё. Браздзецкая атрымлівала звесткі пра будынак ад Варэннікавай, тая — ад Арсена Пархімовіча (выглядае, што гэта таксама пасярэднік), Пархімовіч — ад Андрэя Турчанкі (называўся работнікам Белкаапсаюза, але не быў ім), апошні звязваўся ўжо з Дзмітрыем Калодзезным.

І ў гэтай схеме кожны таксама разлічваў на грошы. Браздзецкая пасля пачала кантактаваць з Пархімовічам і Турчанкам наўпрост.

Першым патэнцыйным пакупніком у лютым 2013 стаў Ілля з Масквы. Праўда, ён не мог зразумець, як перавесці 500 тысяч задатку. Тады ўзнікла схема з банкам у Рызе: грошы кладуць на рахунак, з якога прадавец зможа іх зняць толькі пасля заключэння дамовы аб продажы. Але бізнэсовец хацеў убачыць арыгіналы дакументаў на будынак перад пераводам грошай. А іх так і не паказалі. У выніку ўгода не адбылася.

Падсадны масквіч

Але ўжо ў сакавіку 2013 Браздзецкай патэлефанаваў Валерый Жаўняроўскі — шукаў памяшканне пад офіс для свайго расійскага кампаньёна. З прапанаваных спыніўся акурат на будынку па Татарскай.

Тут і аказалася, што Браздзецкая ўжо была пад наглядам спецслужбаў. Андрэй Турчанка на судзе заявіў, што пасля знаёмства з матэрыяламі справы ўбачыў цікавую дэталь: у сакавіку 2013 размовы Браздзецкай праслухоўваліся. «Там гаворыцца Жаўняроўскаму і Даўшану канкрэтна: трэба даваць хабар кіраўніцтву Белкаапсаюза», — гэта да пытання пра тое, ці ведала жанчына пра хабар. Бо сама яна цяпер адмаўляе: маўляў, 500 тысяч даляраў успрымала звычайным, хоць і вялікім, задаткам.

Андрэй Турчанка прызаў віну яшчэ ў пачатку працэсу. Фота Сяргея Гудзіліна.

Андрэй Турчанка прызаў віну яшчэ ў пачатку працэсу. Фота Сяргея Гудзіліна.

«Яны [Жаўняроўскі і Даўшан] ведалі [пра хабар], іначай гэтых людзей проста не ўзнікла б», — лічыць Турчанка.

Выходзіць, тэлефон масквіча Іллі маглі праслухоўваць. І пачулі там пра вялізны хабар, які яму прапаноўвалі даць у выглядзе задатку, зацікавіліся. Магчыма, яму прапанавалі супрацоўнічаць. А калі ён адмовіўся, увялі новых пакупнікоў. Сама Браздзецкая кажа, што Жаўняроўскі — сапраўдны бізнэсовец, Пётр Даўшан — «супрацоўнік КДБ».

Даўшан адмовіўся ад схемы з рыжскім банкам: прапаноўваў беларускі, але яго забракавалі ўжо прадаўцы. «Хоча — можам у чамаданчыку ад ноўтбука прынесці грошы. Але каб была сумленная і законная ўгода», — узгадвае словы масквіча Браздзецкая. Прапаноўваў нават паехаць у Расію, каб «адлічыць грошы».

А пасля прасіў у якасці гарантыі сустрэчу са службовай асобай. Яна прайшла ў Белкаапсаюзе 4 красавіка 2013. Толькі бізнэсоўцаў папярэдзілі, каб ніякіх размоў пра грошы не было. Прымаў іх Калодзезны. Але кантракт усё зацягваўся і рыэлтарка пачала адыходзіць ад работы. Яна ўжо не спадзявалася атрымаць свае прэміяльныя за будынак. «Летам, не помню даты, патэлефанаваў мужчына, назваўся з КДБ. Але дзе я, а дзе КДБ. Ён сказаў, што зараз пад’едуць пагаварыць. Я папрасіла выслаць позву».

Мабільнік тады адключыла, а затым і згубіла, кажа. Сваю кватэру вырашыла здаваць, а для сябе ў знаёмай зняла пакой. Там яе і затрымалі ў студзені 2015.

Арышты ж па справе Белкаапсаюза адбыліся яшчэ ў ліпені 2013. У працэсе абвешчаны перапынак на нявызначаны тэрмін: Калодзезны лёг у бальніцу. Між іншым, ні ён, ні Сяргей Сідзько яшчэ не давалі паказанняў на судзе.

Глядзіце таксама: У Мінску «чорныя лабісты» бралі адкат у памеры 10% ад падраду за перамогу ў дзяржаўных тэндарах

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?