«Мы яшчэ не там, дзе хочам быць» — так ахарактарызавала выкананне лютаўскіх мінскіх пагадненняў аб урэгуляванні канфлікту на Данбасе канцлер Германіі Ангела Меркель на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Берліне 13 мая. 

Паводле яе слоў, якія прыводзіць прэс-служба ўрада ФРГ, на ўсходзе Украіны па-ранейшаму няма поўнага спынення агню, асабліва ў раёне населенага пункта Шырокіна паблізу Марыупаля і каля Данецкага аэрапорта, адкуль амаль штодня паступае інфармацыя пра забітых і параненых. 

«Для мяне відавочна, што мінскія пагадненні з'яўляюцца платформай, на якой мы павінны дзейнічаць. І Германія паспрабуе тут зрабіць усё магчымае разам з Францыяй», — сказала Меркель. Яна адзначыла, што зноў гаварыла пра мінскія дамоўленасці на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным 10 мая ў Маскве. Бакі пагадзіліся з неабходнасцю працягваць працу ў нармандскім фармаце (Украіна — Германія — Францыя — Расія). «Гэта цяжка, гэта ўтомна, аднак Украіна заслужыла поўную падтрымку на эканамічна паспяховым шляху і на шляху да міру», — заявіла канцлер. 

«Мы ўпэўненыя ў тым, што альтэрнатывы Мінску не існуе, і я як прэзідэнт Украіны, безумоўна, настойваю на мірным урэгуляванні», — сказаў Пятро Парашэнка, якога цытуе яго прэс-служба. Парашэнка адзначыў, што Украіна з'яўляецца абсалютна жорсткім прыхільнікам няўхільнага выканання ўсіх без выключэння пунктаў мінскіх пагадненняў. «Мы дэманструем рэальны прагрэс у забеспячэнні рэжыму спынення агню, у адводзе войскаў і пачатку працы рабочых падгруп на мінулым тыдні ў Мінску», — падкрэсліў прэзідэнт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?