Ад знаёмых маладых каталікоў часта чую пра іх паездкі на рэлігійныя ўрачыстасці за мяжу. На міжканфесійную малітву Тэзэ, якая штогод праводзіцца ў адной з еўрапейскіх сталіц. На Дзень моладзі ў Мадрыд. На кананізацыю Яна Паўла ІІ у Рым. 

Потым расказваюць, як там было класна, што елі і што пілі, фоткамі ў сацыяльных сетках дзеляцца. 

Не кажу, што за мяжу не трэба ездзіць. Калі ёсць грошы, чаму б не пазнаёміцца са здабыткамі сусветнай культуры, не паглядзець, чым людзі жывуць, не павучыцца? Часам яно варта, калі служыць на карысць, на дабро, на развіццё чалавека. 

Але цяга да замежных паездак у беларускіх каталікоў выглядае празмернай, нездаровай. Калі яны шукаюць там уражанняў і цікавага баўлення часу, то гэта не больш чым спажывецтва, у духоўны фанцік загорнутае. Сапраўднай духоўнасці там, думаю, нямнога. У новым месцы хочацца новае пабачыць, ды і стомленасць пасля дарогі, шум не спрыяюць малітве. 

Гэтыя вандроўкі каштуюць значных грошай. Грошай, цяжкай працай заробленых, цэлы год адкладваных. Апошніх грошай, якія ў маладых каталікоў, пераважна небагатых, ёсць. І яны прасаджваюць гэтыя сродкі ў Празе ці Страсбуры, а не ахвяруюць іх на патрэбы Касцёла ў Беларусі!

А потым беларускія біскупы і святары шукаюць па той самай Еўропе грошы для Касцёла. 

Фінансаванне Касцёла, яго пастырскай, асветніцкай і дабрачыннай дзейнасці ёсць не толькі нашым абавязкам, але і адной з галоўных нашых патрэбаў. Як нам патрэбная ежа, каб есці і вопратка, каб апранацца, гэтаксама нам патрэбныя святыні, каб у іх збірацца на малітву. 

І тут, у гэтых святынях, у Эўхарыстыі і Слове, трэба шукаць Бога. А не дзесьці за мяжой.

Нашай патрэбай ёсць дапамагаць тым, каму цяжка. Бо дапамога бедным — бедным у розных формах — ёсць неад’емнай часткай місіі Касцёла. Гэтая патрэба вынікае з нашай прыналежнасці да Касцёла, да грамадства і проста да роду людскога. Каб не пачуць на Апошнім Судзе: «Я быў галодны, а вы не далі мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, а вы не праведалі Мяне» (Мацвея, 25, 42-43).

Вырашаючы лёс нашых грошай, нельга занядбоўваць тое, што для нас галоўнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?