Увесь час мы ў «Нашай Ніве» запісваем тыповыя памылкі, якія выпраўляем у артыкулах рэпарцёраў і пазаштатных аўтараў. Гэтую падборку рассылаем супрацоўнікам.

Такім чынам мы стараемся ўзняць культуру мовы.

Праблема ў тым, што са школы і ўнівера людзі выходзяць з нетрывалымі ведамі беларускай. Да таго ж, дамінацыя расейскай мовы ў гарадскім асяроддзі, на радыё і ТБ блытае людзей. Даводзіцца ўвесь час нагадваць правілы.

Мы падумалі, што гэтыя памылкі могуць быць цікавыя і чытачам, якія вучаць мову ці любяць мову. Гэта ж тыповыя выпадкі.

Форма тлумачэння — мінімалістычная.

кошт кожнай машыны вышэЙШЫ за 100 тысяч; ключ робіцца бліжэйШЫ ад машыны; не было трохпакаёўкі, таннейШАЙ за 1650 за метр; каханне маё з Васілём робіцца ўсё мацнейШЫМ і мацнейШЫМ, бо тут гэта прыметнікі, а не прыслоўі, а прыметнікі ў беларускай мове, як і ў ангельскай, французскай ці польскай у параўнальнай форме не супадаюць з параўнальнай формай прыслоўяў

Узброеныя сілы — першае слова пішам з вялікай, а другое — з малой літары

пАлігамная жывёла

казаЦКІ, а не казачы

спАртзала

дВУхгадзінны допыт

шэсцьдзЯсят

імя жаночае МаЯ (без й), прозвішча МеЕрхольд

будучыня лепш, чым будучае

ЧЭлябінск, ЧЭлябінская вобласць, бо правіла акання не распаўсюджваецца на словы неславянскага паходжання

першынствО

ляснік, але з лесніком, бо націск перамяшчаецца на іншы склад

вышыня, а не высата

насенне, а не семяна

ВойцЕх, ВайцЕх, АльжбЕта, ЭльжбЕта

мэсЭдж

бітва пад ДэбальцавАМ, вёска пад ГроднАМ, хмара за МаладзечнАМ

коўзанка, а не каток (= месца коўзання)

Красная плошча, а не Чырвоная (= прыгожая)

курортА, гастраномА, годА, калгасА, БабруйскА, пунктА, білетА, валА, буфетА, кантынгентА, СпасА, палкА, парадА, класА (родны склон, мужчынскі род)

арт-хаўзУ, фондУ, ФорумУ вулічных тэатраў, наркотыкУ, жанрУ (родны склон, мужчынскі род)

першага курсА ўніверсітэта (= года), але карабель збіўся з курсУ (= кірунку)

Статкевіч застанецца ў турме да канца тэрмінУ (= часу), але ўжыванне тэрмінА «палітвязень» (= слова)

Наваросія, але нОварасійскі; нАвабуд, але нОвабудоўля, бо націск у другой аснове перамясціўся на другі склад ад пачатку

з'яЗджаць

РаУль, а не Раўль Кастра, бо націск на гэтае у, як і ў словах Саудаўская, КіндзмараУлі

з самАга пачатку, а не з самога

ордэн дае ў множным ліку ордэны, ордэнаў, а не ардэны, ардэноў

геолагаразведачны, а не геолагаразведвальны

блокпАсты, а не блокпосты

джып «ГраНД Чэрокі»

бізнэсмЕн, спартсмЕн, але таксама бізнэсовец, спартовец

гендАрны, прадзюсАр

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна