Да 2030 года ў гарады-спадарожнікі могуць перасяліцца 104,5 тысяч мінчукоў. Такую лічбу агучылі спецыялісты УП «БелНДІПгорадабудаўніцтва» сёння на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічага Савета пры галоўным архітэктары Мінска, дзе падводзіліся вынікі грамадскага абмеркавання генеральных планаў гарадоў-спадарожнікаў сталіцы.

Самае значнае павелічэнне колькасці насельніцтва за кошт перасялення жыхароў сталіцы чакаецца ў Рудзенску. Паводле разлікаў, да 2030 года яго насельніцтва павінна павялічыцца ў сем разоў з 11,5 тыс. да 81 тыс. чалавек. У якасці патэнцыяльных жыхароў Рудзенска і яго наваколля разглядаюцца 67 тыс. мінчукоў.

Колькасць насельніцтва Дзяржынска павінна павялічыцца з 26,3 тыс. да 41 тыс. чалавек, сюды прапануецца перасяліць 12 тыс. мінчукоў. Яшчэ 10 тыс. жыхароў сталіцы прапануюць пераехаць у Смалявічы, дзе да 2030 года будуць жыць 30 тыс. чалавек (цяпер — 15,6 тыс.). У Заслаўе і Фаніпаль прапануецца перасяліць з Мінска 6,5 тыс. і 6 тыс. чалавек адпаведна. Такім чынам, у кожным з гэтых гарадоў будуць жыць па 23 тыс. чалавек (цяпер у Заслаўі — 14,7 тыс., Фаніпалі — 13,8 тыс.). Насельніцтва Лагойска павялічыцца з 12 тыс. да 16 тыс., тут чакаюць 3 тыс. мінчукоў.

У кожным з генпланаў вызначаны перспектыўныя тэрыторыі з добрай інфраструктурай для будаўніцтва жылля для мінчукоў.

Гарады-спадарожнікі будуць мець сваю спецыялізацыю, у адпаведнасці з якой распрацоўваліся іх генпланы. Напрыклад, Лагойск і Заслаўе стануць турысцка-рэкрэацыйнымі цэнтрамі, у Рудзенску, Фаніпалі і Дзяржынску вялікі патэнцыял для развіцця прамысловых зон, Смалявічы будуць развівацца разам з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень». Што датычыцца пераносу прамысловых прадпрыемстваў з Мінска ў гарады-спадарожнікі, то гэта пытанне яшчэ прапрацоўваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?