У Гомелі затрыманы маньяк-забойца, на рахунку якога як мінімум дзве ахвяры, мясцовыя дзяўчаты 1988 і 1990 гадоў нараджэння. Пра гэта паведамілі 18 мая на сумесным брыфінгу намеснік начальніка УСК па Гомельскай вобласці Юрый Дзям'янчык і начальнік упраўлення крымінальнага вышуку абласнога УУС Віктар Чыкуноў.

Паводле слоў Чыкунова, 15 мая ў міліцыю звярнуўся жыхар Савецкага раёна Гомеля, які паведаміў, што ў 6.00 яго жонка Аляўціна паехала на працу, але да прадпрыемства не даехала. Паколькі маладая жанчына характарызавалася з усіх бакоў станоўча, падстаў не прыбыць на працу ў яе не было, неадкладна пачаўся яе пошук. Насцярожыў аператыўнікаў той факт, што пры падобных да гэтых акалічнасцях 15 ліпеня 2014 года знікла жыхарка Гомеля Алеся 1990 года нараджэння, якая, як і Аляўціна, працавала на прадпрыемстве ТАА «Шклалюкс».

Дзякуючы зладжанай працы УСК і УУС у нядзелю вечарам, 17 мая, падазраваны ў забойстве дзвюх дзяўчын быў затрыманы. Ім аказаўся 32-гадовы жыхар Гомеля, які працаваў упакоўшчыкам на прадпрыемстве «Шклалюкс». Ён быў знаёмы з дзяўчатамі. У абодвух выпадках матывам злачынства было сэксуальны гвалт і наступнае забойства. 

Паводле слоў Юрыя Дзям'янчыка, забойства і Алесі, і Аляўціны было ўчынена ў гаражы падазраванага. Закапаны труп Аляўціны знайшлі непадалёк ад ракі Іпуць. Як адзначыў Дзям'янчык, маршрут перамяшчэння Аляўціны адсочваўся па сотах мабільнай сувязі. Гэта дапамагло выкрыць злачынцу. Ужо праведзеная судова-медыцынская экспертыза. Прычына смерці дзяўчыны — цялеснае пашкоджанне ў вобласці галавы і ўдушэнне. 

У ходзе дачы паказанняў падазраваны ўказаў месца, дзе ў ліпені мінулага года пахаваў Алесю, — лясны масіў за пяць кіламетраў ад Гомеля. Алеся была забітая ў дзень свайго нараджэння. Паводле слоў падазраванага, яны збіраліся разам яго адзначыць.

Падазраваны раней судзімы за разбой — у 2007 годзе ён, пагражаючы нажом, патрабаваў у дзяўчыны грошы. Тады ён быў пакараны трыма гадамі пазбаўлення волі і вызваліўся ўмоўна-датэрмінова. У яго ёсць жонка і трохгадовае дзіця. 

У падазраванага быў аўтамабіль, якім ён ездзіў на працу. Паводле папярэдняй інфармацыі, і Алесю, і Аляўціну ён падманным шляхам садзіў у машыну і адвозіў у гараж, дзе гвалтаваў і забіваў. 

Следства не выключае, што ў маньяка ёсць і іншыя ахвяры. Распачата справа па ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?