«Наша Ніва»: Што вас прывяло ў музыку?

Яўген Гальцоў: Мая матуля фактычна ўсё жыццё іграла на фартэпіяна, для сябе. Калі яна грала, я, маленькі хлопчык, залазіў ёй на калені і слухаў…

«НН»: Вашая матуля шмат часу вам прысвячала?

ЯГ: Яна мной займалася. Гэта цяпер бацькі аддаюць дзяцей на выхаванне дзяржаўных устаноў.

«НН»: Беларуская мова — таксама з сям’і?

ЯГ: Не. Я вырас у рускамоўнай сям’і. Але ў нас не было шавінізму, матуля з вялікай павагай ставілася да беларускай мовы і культуры. Што цікава, мой брат вырас цалкам супрацьлеглым у сваіх поглядах чалавекам, хоць нават вучыўся ў беларускай школе.

«НН»: Русафіл?

ЯГ: Ну ёсць трошкі. Прычым да руска­ўкраінскага канфлікту з ім можна было неяк паразмаўляць ці паспрачацца, пасля ж стала невыносным. Таму я імкнуся гэтую тэму не закранаць.

«НН»: Чаму?

ЯГ: Нельга лезці са сваёй моваю ці пазіцыяй як з нажом да горла. Гэта толькі адштурхне чалавека. Наваколле і так спрыяе таму, каб ад беларушчыны аддаляліся.

«НН»: Якім быў ваш уласны шлях да мовы?

ЯГ: У мяне з’явілася беларускамоўная вучаніца. І гэта стала выклікам для майго гонару: я жыву ў Беларусі і што, не змагу выкладаць па-­беларуску?

І ведаеце, што мне больш за ўсё спадабалася ў гэтай беларускамоўнай сям’і, якія падштурхнулі мяне да мовы? Яны не патрабавалі, каб я выкладаў па­-беларуску. Яны стварылі настолькі прывабны вобраз сябе як носьбітаў, што я не стрымаўся.

«НН»: Вы памятаеце сваю першую беларускамоўную кнігу?

ЯГ: Гэта былі вершы Геніюш. Ніколі асабліва не захапляўся вершамі, а Геніюш трошкі пачысціла мне мазгі.

НН: Як вашы вучні рэагуюць на мову?

ЯГ: Былі спачатку здзіўленні. Але звыкліся і праблем не бывае. Я не прымушаю іх адказваць мне па-­беларуску, яны самі перыядычна спрабуюць гэта рабіць. Я хачу, каб дзеці ведалі, што беларуская мова — гэта натуральная мова, на якой можна размаўляць.

«НН»: Дык Вы лічыце, што катэгарычна патрабаваць выхавання па­-беларуску не апраўдана?

ЯГ: Калі падтрымліваць такую катэгарычнасць — можна скаціцца ў гвалт, але адсутнасць катэгарычнасці прыводзіць да таго, што на табе ўсё жыццё будуць ездзіць. Пытанне цяжкае.

«НН»: У чым вы самі найбольш прынцыповы?

ЯГ: Прынцыповым трэба быць у прафесійнасці. Гэта не кранае мовы. Беларускую мову можа выратаваць моладзь — прафесіяналы ў сваёй справе. Не папулісты, якіх хапае. Бо калі ж да мовы і яе ратавання звяртаюцца тыя, хто акрамя размоў пра яе заняпад і праблемы больш нічога рабіць не ўмее, гэта яе толькі маргіналізуе.

«НН»: Апошнім часам бацькі не так часта аддаюць дзяцей у музычную школу.

ЯГ: Бо гэта не тая сфера ў якой ты можаш шмат зарабляць, а тым больш стаць зоркай у Беларусі.

«НН»: Ёсць людзі, якія лічаць, што яна забірае дзяцінства. Бо сапраўды вымагае шмат часу.

ЯГ: Калі думаць так пра дзяцінства, дык можна скаціцца да таго, што дзеці і ў школу не мусяць хадзіць, а толькі гуляцца дома ці на вуліцы. Праблема сучасных дзяцей, у адсутнасці разумення таго, навошта яны займаюцца і чаго яны хочуць дабіцца. Няма вось гэтага стрыжня.

«НН»: А што дае музычная школа?

ЯГ: Уменне слухаць і чуць, чаго нам так не хапае ў жыцці. Што можа быць лепш, чым навучыцца чуць?

«НН»: Якія Вашы любімыя музычныя творы?

ЯГ: Усяго не пералічыш. «Добра тэмпераваны клавір» Баха, напрыклад, сапраўды музыка на ўсе часы. Зараз вучу эцюды Шапэна Op. 10, іх таксама люблю. Шаную «Ваенны рэквіем» Бенджаміна Брытэна. Дарэчы, сёння некаторым асобам варта было б яго паслухаць і сур’ёзна задумацца. Праўда, для гэтага трэба добра разумець англійскую мову і прынамсі ведаць, што азначаюць лацінскія выразы «Dies irae» або «Agnus Dei», а гэта можа быць праблемай.

«НН»: Аднойчы я чула, як Вы выконваеце Грушвіцкага і Агінскага. Гэта было адкрыццё для мяне. Каго яшчэ з беларускіх кампазітараў Вы граеце? Каго з беларускіх кампазітараў Вы раіце «адкрыць»?

ЯГ: Граю пераважна сучасных. Наконт «адкрыць», я пакуль што сам у пошуку. Справа ў тым, што, так бы мовіць, воляй лёсу і іменем Сталіна беларусы сталі шчыра верыць, што беларуская музыка была створаная ў 1917 годзе. Таму сёння даводзіцца прыкладаць пэўныя намаганні, каб аднавіць гістарычную праўду. Вось адкрылі Грушвіцкага, Ельскага, паступова вяртаюцца Агінскі, Манюшка. Думаю, галоўныя адкрыцці яшчэ наперадзе!

«НН»: Чаму адны людзі становяцца геніяльнымі піяністамі, скрыпачамі, іншыя — не? Гэта ад Бога? Ці ад працавітасці? Ці ад даўжыні пальцаў?

ЯГ: Ад усяго разам. Але не было б Рахманінава без настаўніка Зверава, які штодзённа, акрамя нядзелі, садзіў яго займацца за фартэпіяна на 6 гадзін. Гэтак жа без Леапольда Моцарта не было б Вольфганга Амадэя. Вялікі поспех дасягаецца толькі праз вялікія намаганні.

«НН»: Можна адно такое рамантычна­-ўзвышанае пытанне? Чым каханне музыкі адрозніваецца ад кахання простага чалавека?

ЯГ: Каб наблізіцца да разумення гэтага, трэба паслухаць адпаведныя творы Шапэна, Шумана, Брамса, Чайкоўскага, Рахманінава ды іншых выбітных кампазітараў у добрым выкананні. А кожны слухач няхай сам знойдзе свой адказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?