Беларусь выступае за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня — так пракаментаваў прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык інфармацыю пра тое, што на Рыжскім саміце Усходняга партнёрства Беларусь нібыта мае намер блакаваць падпісанне выніковага дакумента.

Навіну аб тым, што Беларусь і Арменія блакуюць падпісанне выніковай дэкларацыі з-за наяўнасці ў ёй фразы пра анексію Крыма, распаўсюдзіла агенцтва Рэйтэр са спасылкай на еўрапейскую дыпламатычную крыніцу. 

«Праца над тэкстам дэкларацыі працягваецца. Што датычыцца пазіцыі Беларусі, то яна добра вядомая. Мы выступаем за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня, у тым ліку і для «суседзяў суседзяў», — заявіў Мірончык. 

Саміт Усходняга партнёрства пачнецца ў Рызе сёння вечарам нефармальнай вячэрай кіраўнікоў дэлегацый і працягнецца 22 мая. Паводле яго вынікаў плануецца прыняцце сумеснай дэкларацыі. Беларусь на саміце будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. 

Праект ЕС «Усходняе партнёрства» створаны з мэтай развіцця інтэграцыйных сувязяў Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР — Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?