Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазіцыю адносна Крыма, заявіў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасля прыбыцця на сустрэчу лідараў Еўрапейскай народнай партыі 21 мая ў Рызе.

Украінскага лідара папрасілі пракаментаваць інфармацыю аб тым, што Беларусь і Арменія адмовіліся падпісаць дэкларацыю саміта Усходняга партнёрства з-за фразы аб незаконнай анексіі Крыма Расіяй.

«Думаю, што сітуацыя з анексіяй Крыма з'яўляецца прызнанай усім светам, — сказаў Парашэнка. — Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазіцыю. Калі яна дастаткова нерашучая, то гэта праблема Беларусі, а не Еўрасаюза і Украіны».

Раней прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык патлумачыў, што Мінск выступае за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня. «Праца над тэкстам дэкларацыі працягваецца. Што да пазіцыі Беларусі, то яна добра вядомая. Мы выступаем за неканфрантацыйны характар Усходняга партнёрства з пазітыўным парадкам дня, у тым ліку і для «суседзяў суседзяў», — заявіў Мірончык.

Саміт Усходняга партнёрства пачнецца ў Рызе сёння ўвечары нефармальнай вячэрай кіраўнікоў дэлегацый і працягнецца 22 мая. Па яго выніках плануецца прыняцце сумеснай дэкларацыі. Беларусь на саміце будзе прадстаўляць міністр замежных спраў Уладзімір Макей. 

Праект ЕС «Усходняе партнёрства» створаны з мэтай развіцця інтэграцыйных сувязей Еўрасаюза з шасцю краінамі былога СССР — Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?