Створаная ініцыятыўная група па падрыхтоўцы ўстаноўчага з'езда грамадскага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». Сход групы адбыўся 24 мая пад Мінскам. Яе кіраўніком абраны вядомы паэт, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў.

У каментары Някляеў зазначыў: «Усе гады, што існуе Рэспубліка Беларусь, адной з асноўных тэм з'яўляецца незалежнасць і дзяржаўнасць. Увесь гэты час гаварылася пра небяспеку для існавання незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, і сёння мы бачым, што небяспекі стала не менш, а больш».

Ён прывёў прыклад Украіны, дзяржаўнасць якой змаглі абараніць не армія і спецслужбы, а «нацыянальна арыентаваная сіла — людзі, якія мелі пачуццё годнасці і адказнасці за лёс краіны». Менавіта такая сіла і такія людзі і здольныя выратаваць незалежнасць і дзяржаўнасць Беларусі, упэўнены Някляеў.

«Для таго каб аб'яднаць гэтых людзей, і ствараецца рух «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі». Нядаўна прайшло пасяджэнне аргкамітэта, сёння — сход ініцыятыўнай групы па падрыхтоўцы ўстаноўчага з'езда руху», — сказаў палітык.

Паводле слоў Някляева, на сходзе прысутнічалі прадстаўнікі як старэйшага пакалення, так і моладлзь. «За больш чым дваццацігадовую гісторыю няхай фармальнай, але незалежнасці дзяржавы, выраслі людзі, якія ўвабралі ў сябе беларускі дух і разуменне Беларусі як незалежнай краіны. Менавіта на іх ляжа адказнасць за яе будучыню і, як паказаў сённяшні сход, яны гатовыя на сябе гэту адказнасць прыняць», — заявіў Някляеў.

Намеснік кіраўніка арганізацыі, якая ствараецца, Алесь Мех нагадаў БелаПАН, што заклік стварыць усебеларускі нацыянальны рух прагучаў на кангрэсе за незалежнасць, які прайшоў 21 снежня 2014 года. «Сёння пачынаецца стварэнне такога руху, ідзе вельмі моцная падрыхтоўчая праца», — дадаў ён.

«У свеце з'явіліся дзяржавы, якія не звяртаюць увагі на міжнародныя дамоўленасці і груба парушаюць тэрытарыяльную цэласнасць краін. Пагроза для існавання суверэнітэту ёсць і ў нас. Фактычна страчаныя і перададзеныя ў чужыя рукі энергетычныя сеткі, на нашай тэрыторыі з'явіліся замежныя ваенныя базы. Настаў час сказаць гэтаму «не», і гэта могуць зрабіць толькі людзі, для якіх незалежнасць — найвышэйшая каштоўнасць», — упэўнены Алесь Мех.

Нагадаем, у пачатку красавіка Уладзімір Някляеў абвясціў пра свой выхад з апазіцыйных структур у сувязі з безвыніковасцю двухгадовых перамоваў апазіцыі па вылучэнні адзінага кандыдата і вызначэнні сумеснай праграмы на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Тады ж ён заявіў, што мае намер працягваць работу ў імя «незалежнасці і дэмакратычнай будучыні Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?