Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падтрымала ідэю стварэння клубаў маладых выбаршчыкаў у кожным раёне Мінска, якая была выказана сёння на пасяджэнні Маладзёжнай палаты пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў.

«Гэта вельмі добрая ініцыятыва. Я заўсёды прыводжу такі прыклад: будучая «жалезная лэдзі» Маргарэт Тэтчэр пачынала сваю палітычную кар'еру з таго, што дапамагала на выбарах свайму бацьку — кіраўніку пярвічнай арганізацыі Партыі кансерватараў», — сказала Лідзія Ярмошына.

Як растлумачыў намеснік старшыні палаты, у Мінску раней ужо быў створаны такі клуб на базе гімназіі №31. Ён у тым ліку займаецца павышэннем узроўню прававой дасведчанасці насельніцтва, дапамагае фарміраваць больш адказнае стаўленне да выканання грамадзянскага абавязку.

Лідзія Ярмошына дадала, што пры стварэнні такіх клубаў можна ўлічваць расійскі вопыт і праводзіць розныя дыскусіі. Аднак, на яе думку, справа не павінна абмяжоўвацца толькі гэтым, удзельнікі клубаў могуць дапамагаць участковым выбарчым камісіям. Калі ж гэта яшчэ непаўналетнія, то ім можна даручаць запаўненне запрашэнняў для выбаршчыкаў.

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама нагадала, што ў гэтым годзе Цэнтрвыбаркам плануе ўвесці дадатковыя магчымасці для сляпых, выбаршчыкаў са слабым зрокам. Удзельнікі клубаў маглі б дапамагчы і ў гэтым, напрыклад, ім можна даручыць суправаджаць такіх выбаршчыкаў да ўчасткаў. Акрамя таго, члены клубаў маладых выбаршчыкаў могуць прыходзіць на сустрэчы з кандыдатамі і задаваць свае пытанні.

Кіраўнік ЦВК выказала надзею, што клубы дапамогуць вырашыць такую агульнаеўрапейскую хваробу, як адносна невысокая актыўнасць моладзі на выбарах.

Адказваючы на пытанне аб тым, колькі маладых людзей (да 30 гадоў) паводле яе прагнозаў могуць увайсці ў склады выбарчых камісій у ходзе маючай адбыцца выбарчай кампаніі, Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што ЦВК спецыяльна не займаецца такімі падлікамі. Яна падкрэсліла, што грамадскія арганізацыі маюць права вылучаць у склад камісій сваіх прадстаўнікоў, у тым ліку і моладзь. Аднак гэта не датычыцца клубаў маладых выбаршчыкаў, паколькі іх можна лічыць грамадскімі ініцыятывамі, але не грамадскімі арганізацыямі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?