Тут і ніжэй фота: Symbal.by
У краме Symbal.by з’явілася зусім незвычайная жаночая вышымайка — са стразамі. Набыць яе ўжо можна як праз інтэрнэт, так і ў «афлайнавай» краме на 3-м паверсе ГЦ «Маскоўска-Венскі».
На вышымайцы стразамі «вышыты» ўзор з матывамі Ярылы — язычніцкага бога ўрадлівасці і жыццёвых сіл прыроды.
Пакуль у продажы толькі жаночыя мадэлі памераў XS, S, M і L. Цішоткі зробленыя на 90% з бавоўны і на 10% з эластану.
Карыстальнікі ў сацсетках па-рознаму называюць такія цішоткі — «стразавышыванка», «стразамайка», «стразаванка»… Жартуюць, што ўзор вышыты «крышталямі Сварогскі».
Як распавёў «Нашай Ніве» дырэктар крамы Павел Белавус, Symbal.by пачалі пераходзіць на беларускую вытворчасць: новыя байкі з выцінанкай, торбы і «стразаванкі» маюць на бірцы надпіс «Зроблена ў Беларусі».
«Гэта не нейкі прома-тэкстыль, гэта цалкам пашытыя ў Беларусі рэчы, — сцвярджае Белавус. — Паціху пераходзім ад проста крамы да стварэння нейкага брэнду».
Дзяўчаты на фабрыцы, распавядае ён, выказалі ідэю: класна было б, калі б арнамент быў выкладзены стразамі. Стваральнікі вышымаек сумняваліся, ці не будзе гэта празмерна гламурна і нестылёва, але супрацоўніцы фабрыкі пераканалі іх паспрабаваць. Пакуль пра «стразаванкі» чулі толькі пазітыўныя водгукі.
Чытайце таксама:
Дзе набыць вышыванку: спіс крамаў і майстроў
16 сайтаў, дзе можна набыць беларускі падарунак





