Учынак мінчанкі Іны Зубовіч — жанчыны, яшчэ і памочніцы выхавацеля ў дзіцячым садку, — якая з 12-га паверха скінула свайго 3-гадовага сына, шакаваў. Яго абмяркоўваюць з розных бакоў. Сапраўды, важна, каб грамадства зрабіла высновы.

У Фэйсбуку на старонцы Насты Дашкевіч звярнулі ўвагу, у прыватнасці, на псіхалагічны стан маладых мам. І калі адны знаходзяць апраўданне ўчынку Зубовіч, іншыя кажуць, што апраўдання няма і не можа быць.

(Глядзіце перадгісторыю: «Прашу прызначыць мне смяротнае пакаранне», «Бабуля шчыра расказала суду пра сваю дачку»).

«Я ўпэўнена, што разам з патранажнай сястрой, якая наведвае немаўля ў першы месяц яго жыцця, мусіць хадзіць псіхолаг да маладых мам. Першы месяц — раз на тыдзень, першы год — раз на месяц. Нельга пакідаць маладых мам у перыяд магчымай пасляродавай дэпрэсіі. Трэба сачыць і дапамагаць. Гэтай маме патрэбна была дапамога нашмат раней, і можа быць тады не было б гэтай жудаснай бяды», — лічыць Наста Дашкевіч.

У выпадку з Зубовіч жанчына раней рабіла спробу скончыць жыццё самагубствам.

Яніна Мельнікава прывяла канкрэтны прыклад працы псіхолагаў.

«Ляжала на захаванні. І неяк трымала ў руках сваю картку, а ў ёй — вялікі апытальнік, відавочна, складзены псіхолагамі для таго, каб ацаніць мой эмацыйны і псіхалагічны стан. Мне хаця б адно пытанне задалі? Проста нехта ўпэўнена запоўніў усё, уключна з пытаннямі на тэму спроб суіцыду і праблем ва ўзаемаадносінах з блізкімі. То бок дактары нават не сабраліся спраўдзіць. Упэўнена, калі б такія анкеты былі не «нагрузкай», маглі б выяўляць некаторыя рэчы на ранніх стадыях».

Настасся Азарка адзначыла, што жанчыне ў стане дэпрэсіі няма з кім падзяліцца сваімі страхамі ў радзільні. «Баіцца, што яе зачыняць у псіхушцы. Як не можа і наведаць псіхіятра ці псіхолага, бо нічога не застаецца ў кабінеце доктара пад сакрэтам: па ўсім горадзе разнясецца, што яна сацыяльна-небяспечная, і дзіця трэбна неадкладна забраць».

«Бесперспектыўняк гэта называецца. Калі не мужык, а зэк-дармаед. Калі маці пілуе, а не падтрымлівае. Калі дзіця ва ўзросце крызісу, не слухаецца, істэрыць. Калі заўтра на працу нянькай у садок. Падчас вайны ўсе галадалі, а тут яна бачыць, што вакол шмат нармальных сем’яў, мужоў, людзям хапае на жыццё, людзі жывуць асобна ад бацькоў». І на практыцы аказалася ўсё не так, як яна марыла»,

— знаходзіць апраўданне ўчынку Іны Зубовіч Кацярына Ішчанка.

«Нармальныя людзі дзяцей у вайну гадавалі і кармілі. Проста ёсць людзі, а ёсць забойцы, гвалтаўнікі… Ніякія душавыратавальныя размовы і псіхолагі ім не дапамогуць», — пераканана Ірына Леўшына. І заўважае, што Зубовіч сама так і не скінулася з балкона за сынам, як нібыта хацела.

«З жанчынамі, якія адмаўляюцца ад сваіх дзяцей ў радзільнях, таксама размаўляюць псіхолагі. Неяк глядзела цікавую расійскую перадачу. Дык практыка паказвае, што нават тыя, каго ўдалося намовіць забраць дзіця дамоў, пасля яго ўсё адно здаюць у дзетдом альбо гадуюць у такіх умовах, што любы дзетдом раем падасца», — працягвае Леўшына. І кажа, што ўсё залежыць ад чалавека — «якая мамка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?