Сёння кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачынае двухдзённы візіт у Пакістан. Што мы ведаем пра гэтую краіну?

Уваходзіць у ядзерны клуб

У 1968 годзе Пакістан быў адной з нямногіх дзяржаваў свету, хто не падпісаў Дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Гэтак сама зрабілі Індыя і Ізраіль. Індыя сваю ядзерную зброю займела ў 1974 годзе, але афіцыйна прызнала сябе часткай ядзернага клуба толькі ў 1998 годзе пасля падземных выпрабаванняў 11—12 мая. Літаральна праз два тыдні ў адказ на індыйскія манеўры свае выпрабаванні правёў і Пакістан. 28—30 мая 1998 прайшлі падземныя выпрабаванні на палігоне Чагай-Хілз. Такім чынам у рэгіёне ўтварыўся парытэт.

Краіна чыстых

Уласна назва «Пакістан» — гэта наватвор. Яго ў 1933 годзе прапанаваў студэнт Чоўдхуры Рахмат Алі, які навучаўся ў Кембрыджы. У літаральным перакладзе гэта азначае «зямля чыстых». Таксама назва «Пакістан» з’яўляецца акронімам: «П» – Пенджаб (паўночна-усходні рэгіён краіны), «А» – афганцы-пуштуны, што пражываюць на гэтых землях, «К» – Кашмір (спрэчны рэгіён паміж Індыяй і Пакістанам), «С» – Сінд (паўднёвы рэгіён Пакістана), а «стан» – ад Белуджыстана.

Бацька нацыі – Мухамад Алі Джына

Бацькам-заснавальнікам Пакістана па праве лічаць інтэлектуала Мухамада Алі Джыну. Ён нарадзіўся ў 1876 годзе ў Карачы. Ягоны дзень нараджэння — 25 снежня — з’яўляецца выхадным днём у Пакістане. Ён атрымаў добрую адукацыю, як мусульманскую, гэтак і еўрапейскую. У пачатку ХХ стагоддзя Джына быў адзіным адвакатам-мусульманінам у Бамбеі.

З канца 1930-х сярод мусульман Індыі выспявае ідэя стварэння ўласнай мусульманскай дзяржавы. Джына кажа, што адносіны паміж індуістам і мусульманамі поўныя супярэчнасцяў і яны не могуць жыць у адной краіне.

Доўгія перамовы Алі Джына і Махатма Гандзі не прыносілі вынікаў. Джына настойваў на тым, каб Пакістан быў абвешчаны самастойнай дзяржавай адразу пасля сыходу брытанцаў, а Гандзі прасіў пачакаць з гэтым пытаннем некалькі гадоў.

За пару дзён да абвяшчэння незалежнасці Джына заявіў у Карачы: «Вы — вольныя: вольныя хадзіць у свае храмы, свае мячэці або іншыя месцы пакланення ў дзяржаве Пакістан. Вы можаце належаць да любой канфесіі або касты — гэта ўсё не мае ніякага дачынення да дзяржавы». Алі Джына сапраўды марыў пра вольную дзяржаву для ўсіх, але рэалізаваць гэтую ідэю не паспеў.

Ужо калі лідару краіны было за 70, ён асабіста аб’язджаў усходнія межы краіны, дапамагаючы перасяленцам з Індыі.

Адметна, што сваю незалежнасць Пакістан абвесціў на адзін дзень раней за Індыю – 14 жніўня 1947 года.

Калі б не цвёрдасць гэтага чалавека ў перамовах з брытанцамі і індусамі, дзяржава Пакістан магла б не з’явіцца на карце свету. На Радзіме яго называюць Баба-і-Каум (Бацька Нацыі).

Крывавы развод

Разысціся мірна мусульмане і індуісты колішняй Індыі не змаглі. Краіны перажылі тры буйныя вайны. Першая адбылася адразу па падзеле (1947—1949) са штатаў Джаму і Кашмір, дзе дамінавала мусульманскае насельніцтва, але кіроўная вярхушка, якая складалася з індуістаў, прыняла рашэнне далучыцца да Індыі. Наступныя войны адбываліся ў 1965 і 1971. У выніку гэтых войнаў былі мільёны забітых. У пакістанскіх гарадах адбываліся пагромы індуістаў, а ў індыйскіх — мусульман. Людзі страчвалі дамы і былі вымушаныя перасяляцца ў суседнюю дзяржаву. Яшчэ некалькі разоў адносіны былі настолькі напружанымі, што здавалася, чарговая вайна непазбежная. Паводле апошніх апытанняў, 11% індыйцаў станоўча ставяцца да Пакістана, а 18% пакістанцаў — да Індыі.

Сталіца, узведзеная з нуля

Ісламабад — гэта не старажытны ўсходні горад, а навабуд, узводзіць які пачалі ў 1960-я. Першапачаткова сталіцай Пакістана былі Карачы, але пасля было вырашана перанесці сталіцу з узбярэжжа ў глыб краіны — у Равалпіндзі (там базавалася штаб-кватэра войска Пакістана). А грэчаскі архітэктар Канстанцінас Даксіадзіс распрацаваў план новай сталіцы.

Другое месца ў свеце па колькасці мусульман

95% насельніцтва Пакістана складаюць мусульмане. Гэта прыкладна 180 мільёнаў чалавек. Больш мусульман жыве толькі ў Інданезіі. Сярод пакістанскіх мусульман 75% складаюць суніты.

Тым не менш, доўгі час Пакістан заставаўся цалкам свецкай дзяржавай. Палітыку ісламізацыі пачаў весці генерал Мухамеда Зія-уль-Хака. У 1984 заканадаўства было перапісана ў адпаведнасці з шарыятам. Вялікую крытыку выклікае закон аб блюзнерстве, які не адменены па сёння. Хаця сам панятак «блюзнерства» ў пакістанскіх законах вельмі туманны, і любы чалавек можа быць арыштаваны па падазрэнні ў абразе ісламу.

Праблема з Талібанам

Поўнач Пакістана пастаянна сутыкаецца з праблемай тэрарызму. Летась у горадзе Пешавар у выніку атакі баевікоў на школу вайскоўцаў загінула 140 чалавек. Гэта быў самы крывавы тэракт у гісторыі Пакістана. У выніку ў краіне быў адменены мараторый на смяротнае пакаранне. Улады пакаралі смерцю семярых раней асуджаных за тэрарызм.

Дарэчы, менавіта ў Пакістане забілі лідара «Аль-Каіды» Усаму бен Ладэна.

Варта адзначыць, што летась пакістанская праваабаронца Малала Юсуфзай атрымала Нобелеўскую прэмію міра. Малала, якая вяла блог аб адукацыі дзяўчынак у мусульманскіх краінах, стала ахвярай талібаў. Толькі цудам яна засталася жывой.

У пытаннях правоў чалавека ў Пакістане не ўсё гладка. Напрыклад, летась на пэўны час былі закрытыя дзве буйныя тэлекампаніі краіны за крытыку ўладаў. Не змяншаюцца выпадкі гвалтоўных знікненняў апазіцыйна настроеных грамадзян. У рэйтынгу правоў чалавека Пакістан займае адну з найніжэйшых пазіцый.

Вытворца футбольных мячоў і дудаў

У Пакістане вырабляецца 4 з 5 футбольных мячоў у свеце. Асноўная іх частка робіцца на заводзе «Сіялкот». А яшчэ Пакістан вырабляе амаль усе сусветныя дуды, нават у Шатландыю гэты музычны інструмент трапляе з Азіі.

З карысных выкапняў у Пакістане ёсць нафта, газ, золата, каштоўныя камяні. Але нафту Пакістану даводзіцца імпартаваць з ААЭ, сваёй бракуе. Пакістан экспартуе тэкстыль, рыс, скураныя вырабы.

Самы папулярны від спорту — крыкет

Папулярным крыкет у Індыі і Пакістане застаўся яшчэ з каланіяльных часоў. Крыкет з’яўляўся адным з нацыянальных відаў спорту у Вялікабрытаніі. Брытанцы сышлі, але крыкет пакінулі.

Матчы паміж зборнымі Індыі і Пакістана збіраюць шматмільённыя аўдыторыі. У 1992-м Пакістан стаў чэмпіёнам свету па крыкеце.

Крыкет аддалена нагадвае амерыканскі бейсбол і нашу лапту.

Другім па папулярнасці ў Пакістане спортам з’яўляецца хакей на траве. Мужчынская зборная Пакістана па гэтым відзе спорту тройчы выйграла Алімпіяду, а яшчэ тры разы брала срэбраныя медалі і двойчы бронзавыя.

Пакістан багаты на прыродныя прыгожасці

У Пакістане размешчаныя найвышэйшыя горныя сістэмы ў свеце — Гімалаі і Гіндукуш. Другая самая высокая кропка зямлі — Чагоры — знаходзіцца менавіта ў Пакістане.

У гэтай краіне знаходзіцца самая высакагорная шаша — Каракарумская, якая злучае Пакістан і Кітай. Яе вышыня дасягае 4,5 тысяч метраў.

Адна з найбуйнейшых пустыняў свету — Тар — знаходзіцца ў Пакістане.

А яшчэ ў Пакістане знаходзіцца другая па велічыні саляная шахта ў свеце — Хеўра. Яна была адкрытая яшчэ Аляксандрам Македонскім. Штогод там здабываюць 350 тысяч тон солі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?