У Мінску затрыманы член рады дырэктараў горназдабыўной кампаніі «Інтэргеа», якая ўваходзіць у групу «Анэксім» расійскага мільярдэра Міхаіла Прохарава, Максім Фінскі. Пра гэта паведамляюць расійскія СМІ.

Фота kommersant.ru.

Фота kommersant.ru.

Фінскі быў затрыманы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск падчас рэгістрацыі на рэйс, які вылятае ў Франкфурт. Па звестках «Новой газеты», памежнікі засумняваліся ў сапраўднасці пашпарта на імя Уласава, які быў прадастаўлены Фінскім. Дадатковая праверка паказала: пашпарт фальшывы. Высветлілася, што скарыстацца фальшывым пашпартам Фінскі вырашыў пасля ўцёкаў з Масквы, дзе ён знаходзіўся пад хатнім арыштам. Да Мінска Фінскі дабраўся на аўтамабілі службы бяспекі Прохарава.

Паводле інфармацыі Масгарсуда, у дачыненні да Максіма Фінскага заведзена крымінальная справа па ч. 4 арт. 159 КК РФ (Махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Па звестках расійскіх СМІ, нагодай для расследавання стала заява банка ВТБ з нагоды непагашанага крэдыту, выдадзенага канадскай кампаніі White Tiger Gold, кантраляванай Максімам Фінскім, а аператыўнае суправаджэнне справы ажыццяўляе ФСБ Расіі. У сярэдзіне красавіка Фінскага змясцілі ў СІЗА «Лефортава», але там ён правёў каля тыдня і быў пераведзены пад хатні арышт.

Цяпер Максім Фінскі знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ Беларусі, у якім у 2013 годзе каля месяца прасядзеў гендырэктар «Уралкалія» Уладзіслаў Баўмгертнер.

У групе «Анэксім» адмовіліся ад каментароў. 

На наступны дзень, 29 мая, начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў, што КДБ Беларусі не мае дачынення да затрымання Максіма Фінскага.

«У СІЗА КДБ Максім Фінскі не знаходзіцца, Камітэт не мае дачынення да яго затрымання», — сказаў Дзмітрый Пабяржын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?