На сёння сабраць 100 тысяч подпісаў для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты зможа толькі адзін прэтэндэнт ад апазіцыі, заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, выступаючы 30 мая на пасяджэнні сойма арганізацыі. 

На яго думку, найбольшыя шансы сабраць неабходныя для рэгістрацыі подпісы мае Таццяна Караткевіч. «Калі параўнаць рэсурсы арганізацый, якія падтрымліваюць Караткевіч, з рэсурсамі іншых прэтэндэнтаў, а таксама патэнцыяльныя мэтавыя групы Караткевіч і іншых, то стане ясна, што адзіным кандыдатам, які збярэ 100 тысяч подпісаў, будзе Караткевіч», — сказаў Янукевіч. 

Палітык адзначыў, што апошнім часам гучыць «шмат скепсісу» ў дачыненні да Караткевіч. «Але гэтая ўвага да яе, наадварот, гаворыць, што гэта кандыдат сур'ёзны», — сказаў ён. 

Янукевіч лічыць, што ўлады не будуць рэгістраваць кандыдатамі ўсіх, хто збіраў подпісы. «Думаю, улады досыць прыдзірліва будуць правяраць подпісы», — заўважыў ён. 

Таццяна Караткевіч — актывістка кампаніі «Гавары праўду», сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Чакаецца, што яна будзе вылучаная кандыдатам ад ініцыятывы «Народны рэферэндум», у складзе якой акрамя «Гавары праўду» і Грамады таксама Партыя БНФ і рух «За Свабоду». 

Чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці ў Беларусі не пазней за 20 лістапада. Найбольш верагоднай датай іх правядзення ў ЦВК назвалі 15 лістапада. 

Акрамя Караткевіч пра свае прэзідэнцкія амбіцыі ўжо заявілі старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, беспрацоўны Юрый Шульган, якога падтрымлівае Беларуская партыя «Зялёныя», а таксама грамадскі актывіст з Кобрына Алесь Мех, намеснік кіраўніка новага руху «За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?