Нацыянальная тэлерадыёвяшчальная кампанія Фінляндыі апублікавала спіс еўрапейскіх палітыкаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю РФ.
У спісе 89 прозвішчаў — сябры Еўрапарламента і заканадаўчых органаў ЕС, высокапастаўленыя вайскоўцы і супрацоўнікі іншых сілавых і разведвальных структур, грамадскія дзеячы, большасць — грамадзяне Вялікабрытаніі, Швецыі, Польшчы, Прыбалтыкі.
У спісе фігуруе намеснік старшыні фракцыі ХДС/ХСС у Бундэстагу Міхаэль Фукс, які ў мінулым неаднаразова вітаў эканамічныя санкцыі супраць Расіі, паведамляе Нямецкая хваля.
Таксама ў спісе — прозвішчы прадстаўнікоў Зялёных, еўрадэпутатаў Рэбекі Хармс і Даніэля Кон-Бэндзіта. Хармс, якая з'яўляецца старшынёй Зялёных ў Еўрапарламенце і вельмі востра крытыкуе палітыку Расіі ў дачыненні да Украіны, раней ужо адмаўлялі ва ўездзе ў Маскву.
Яе партыйны таварыш Кон-Бэндзіт вядомы тым, што ў мінулым называў сістэму Пуціна «тэрарыстычнай», а таксама патрабаваў байкатаваць Чэмпіянат свету па футболе 2018 года, які павінен адбыцца ў Расіі.
Разам з імі ў «чорны спіс» трапілі статс-сакратар у міністэрстве абароны Катрын Зудэр, інспектар ваеннай авіяцыі Германіі генерал-лейтэнант Карл Мюльнер і палітык з шэрагаў баварскага Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС) Бернд Посальт. У той жа час, паводле дадзеных Frankfurter Allgemeine Zeitung, у гэтым пераліку ёсць і прозвішча Увэ Карзэпіюса — генеральнага сакратара Рады ЕС.
Каментуючы з'яўленне свайго прозвішча ў «чорным спісе», старшыня фракцыі Зялёных ў Еўрапарламенце Рэбека Хармс заявіла: «Расія помсціць за забарону ўезду ў ЕС. Але гэтыя забароны нельга параўноўваць. Масква парушыла міжнароднае права. Мы — не».
Кон-Бэндзіт у каментары Bild адзначыў: «Гэта гонар для мяне, калі такая таталітарная сістэма, як Расія, кляйміць мяне як ворага таталітарызму».
Расейскі МЗС аўтэнтычнасць спісаў пакуль не пацвердзіў, паведамляе Новая газета.
Разам з тым раней прэм'ер-міністр Нідэрландаў пацвердзіў атрыманне ад расейскага боку «чорнага спісу» з 89 імёнаў, назваўшы яго «абсалютна беспадстаўным, непразрыстым і непрымальным».
Раней краіны ЕС папрасілі апублікаваць «чорны спіс» у сувязі з інцыдэнтам з дэпутатам бундэстага Карлам-Георгам Вельманам. Супрацоўнікі пагранслужбы паведамілі дэпутату, што яму забаронены ўезд у краіну да 2019 года.
Расійская дыпламатычная крыніца паведаміла, што ў адказ на рэстрыктыўные меры Еўрасаюза Расія склала свае спісы еўрапейскіх палітыкаў, якім забаронена ўязджаць на тэрыторыю РФ.