Працэс узгаднення кандыцыянераў і спадарожнікавых талерак спрасціўся, аднак па-ранейшаму выклікае шмат пытанняў. Карэспандэнт «НН» праверыў працэдуру на сабе.

Першае, што трэба зрабіць — гэта сфатаграфаваць фасад свайго дома. На здымку крыжыкам адзначыць месца планаванай устаноўкі тэхнікі. Істотная кожная дробязь, напрыклад, кандыцыянер будзе вісець справа ці злева ад акна?

«Паглядзіце, як зрабілі суседзі. Архітэктар раёна патрабуе, каб кандыцыянеры віселі адзін пад адным, — раіць старшыня праўлення таварыства ўласнікаў. — Калі вы першапачынальнік, то выбар за вамі».

Раздрукаваны фотаздымак трэба аднесці ў ЖЭС (ці таварыства ўласнікаў), тамсама атрымаць выпіску асабістага рахунка.

З абодвума дакументамі можна звяртацца ў райвыканкам у «Адно акно», далучыўшы копіі тэхнічнага пашпарта кватэры і пасведчання аб рэгістрацыі. Прысутнасць усіх зарэгістраваных у кватэры пры падачы дакументаў непатрэбная.

Цяпер трэба чакаць — да паўмесяца. Аднак у нашым выпадку рашэнне было гатовае за тры дні. Райвыканкам узгадніў усталёўку кандыцыянера, аднак выставіў шэраг умоваў.

Чыноўнікі вызначылі, што тэхніка павінна знаходзіцца пад акном злева, металічны каркас блока загадалі пафарбаваць пад колер фасада, а таксама вывесці кандэнсат у сістэму каналізацыі.

Гэта абавязковае патрабаванне апошняга часу, бо пачасціліся скаргі ад суседзяў, якім перашкаджаюць кроплі вады ад кандыцыянера.

Паколькі распрацоўка праекта непатрэбная, застаецца выклікаць усталёўшчыкаў. Кампаніі, якія займаюцца мантажом, просяць за свае паслугі $100—200.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0