Сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі зноў будзе абмяркоўвацца 5 чэрвеня ў межах 104-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКП), якая праходзіць 1—13 чэрвеня ў Жэневе.Расклад індывідуальных краінавых слуханняў апублікаваны на сайце Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

У працы канферэнцыі бярэ ўдзел афіцыйная ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам працы і сацыяльнай абароны Марыянай Шчоткінай. У апублікаваным спісе ўдзельнікаў у складзе беларускай дэлегацыі лічацца таксама старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, Беларускай асацыяцыі прадпрыемстваў прамысловасці (БелАПП), Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галінаў прамысловасці, Беларускага прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання і іншых.

Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прысутнічае на МКП у якасці віцэ-прэзідэнта Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў.

Нагадаем, «беларускае пытанне» ўзнікла ў парадку дня МАП у 2003 годзе. Тады Адміністрацыйны савет МАП пачаў расследаванне парушэння правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Па выніках расследавання Беларусь неаднаразова ўносілі ў спецпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Гэта, у сваю чаргу, стала прычынай для выключэння Беларусі ў чэрвені 2007 года з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза.

Для вяртання прэферэнцый урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП, сярод якіх: прадаставіць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі; даць ім права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі; спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці; забяспечыць усім прафсаюзным аб'яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны.

У студзені 2014 года Беларусь наведала місія на чале з дарадцам гендырэктара МАП Кары Тапіёлам. Задачай місіі было «скласці поўную карціну сітуацыі з правамі прафсаюзаў і дапамагчы беларускім уладам рэалізаваць ранейшыя рэкамендацыі следчай камісіі МАП». Прадстаўнікі арганізацыі сустрэліся з кіраўніцтвам шэрагу міністэрстваў, двух буйных прафцэнтраў — праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і незалежнага Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама з актывістамі арганізацыі свабоднага прафсаюза прадпрыемства «Граніт» (Мікашэвічы, Лунінецкі раён, Брэсцкая вобласць), якія зведалі націск з боку адміністрацыі прадпрыемства. 

Праз паўгода пасля візіту місіі, у чэрвені 2014 года на сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы Беларусь у сёмы раз была ўнесена ў спецыяльны параграф МАП як краіна, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.

Штогадовая Міжнародная канферэнцыя працы з'яўляецца вышэйшым органам МАП, на ёй прымаюцца ўсе акты арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?