Пасяджэнне кантактнай групы па Украіне адкладзена на пазнейшы тэрмін, паведаміла вечарам 2 чэрвеня журналістам у Мінску Хайдзі Тальявіні, спецпрадстаўнік АБСЕ ў кантактнай групе па Украіне. 

Пры гэтым, паводле яе слоў, падгрупы кантактнай групы працавалі 2 чэрвеня ў Мінску «ў канструктыўным духу». 

«Я магу сказаць, што ўсе групы (падгрупы кантактнай групы) працавалі ў канструктыўным духу і ў многіх пытаннях дасягнулі кансенсусу, але гэта ўсе вельмі складаныя пытанні», — сказала Тальявіні. Паводле яе слоў, шматлікія пытанні павінны былі быць абмеркаваныя ў межах пасяджэння трохбаковай кантактнай групы, «якая таксама сёння павінна была тут сустрэцца, але па некаторых пытаннях палічылі за лепшае адкласці іх абмеркаванне на больш далёкі тэрмін». 

Тальявіні паведаміла, што дата наступнага пасяджэння кантактнай групы вызначана, але павінна быць яшчэ ўзгодненая з удзельнікамі. Таму яна не стала яе агучваць. 

Пасяджэнні праходзілі ў «Прэзідэнт-гатэлі» ў закрытым для прэсы рэжыме. 

У кантактнай групе дзейнічаюць чатыры падгрупы: па бяспецы, па палітычных пытаннях, па гуманітарных пытаннях, па эканоміцы. Папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы адбылося ў Мінску 22 мая. 

Напярэдадні з'явілася інфармацыя аб тым, што на сустрэчы падгрупы па бяспецы будзе абмяркоўвацца пытанне аб стварэнні ў Данбасе дэмілітарызаваных зон.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў 1 чэрвеня пашыраную нараду з прадстаўніком Украіны ў групе Леанідам Кучмам і ўкраінскімі ўдзельнікамі рабочых падгруп. Парашэнка «адзначыў неабходнасць няўхільнага выканання ўсіх пунктаў мінскіх дамоўленасцяў і важнасць больш актыўнага прыцягнення прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЕ да забеспячэння рэжыму поўнага спынення агню і кантролю за адводам цяжкага ўзбраення на ўсёй лініі судакранання», паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?