Усяго на конкурс заявіліся 36 камандаў. Узроставых абмежаваньняў не выстаўлялася, таму сярод заяўнікаў было нямала ўжо вядомых выканаўцаў. Журы было прапанавана ацаніць музыку, тэксты і відэа кожнага з прэтэндэнтаў. У журы ўвайшлі – па адным прадстаўніку арганізатараў зь Беларускага аб’яднаньня студэнтаў і фонду VillaSokrates, кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін, шматгадовая арганізатарка «Басовішча» і вакалістка гурта Ilo&Friends Ілона Карпюк, музыка і мастак Юры Асеньнік, журналіст, музыка, саўндпрадусар Лукаш Сьцепанюк.
Па выніку былі названыя чатыры імёны – Naka, By Cry, Exegutor і TonqiXod. Гэтыя гурты сыграюць на фэстывалі 17 ліпеня. Па выніку іх выступаў будзе абраны пераможца «Басовішча-2015», які атрымае грашовую ўзнагароду ад войта гміны Гарадок, дадатковы сэт у другі дзень фэсту 18 ліпеня, ратацыю на «Радыё Рацыя», а таксама гарантаванае месца ў праграме «Басовішча-2016».