Матыяс Мілірын. Фота: Dean Takahashi, venturebeat.com

Матыяс Мілірын. Фота: Dean Takahashi, venturebeat.com

Матыяс Мілірын, генеральны дырэктар фінскай студыі Remedy, перайшоў на працу ў беларускую кампанію Wargaming, паведамляе Gamesindustry.biz.

Пабачыць Мілірына ў Беларусі наўрад ці атрымаецца — фіна прывабіў клімат Кіпра, дзе месціцца штаб-кватэра Wargaming.

Мілірын пакінуў Remedy пасля 15 год працы там. Месца гендырэктара зойме сузаснавальнік кампаніі Маркус Макі. Як кажа Мілірын, яго зыход не паўплывае на выхад наступнага праекту Remedy, шутэра Quantum Break.

Пры ім ствараліся паспяховыя серыі гульняў Max Payne і Alan Wake, вядомыя хітра закручаным сюжэтам і добра прапрацаванымі персанажамі адзіночнай гульні. Што Мілірын будзе рабіць у Wargaming, чые анлайн-гульні не маюць сюжэту і персанажаў у прынцыпе, ён абяцае распавесці ў бліжэйшыя тыдні.

«[Гульні класу] ААА заўсёды мне падабаліся, але я спытаў сябе, калі ў апошні раз я рабіў нешта новае? — тлумачыць ён. — Здаецца, гэта слоган нейкай слабенькай авіякампаніі, што я бачыў у Хітроў, але ён застраў у мяне ў галаве».

Па словах Мілірына, ён вырашыў змяніць і месца жыхарства, і напрамак дзейнасці. Wargaming уразіў яго вынікамі, якіх кампанія дасягнула ва ўмоўна-бясплатных гульнях, ён пранікся павагай да каманды Віктара Кіслага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?