Літоўская спявачка Аліна Арлова прэзентуе ў Мінску новы альбом «88» 27 верасня. Канцэрт традыцыйна пройдзе ў клубе «РэПаблік», паведамляецца на старонцы Afisha Minsk у Facebook.
«88» — трэці альбом Аліны і яе першая студыйная праца за пяць гадоў.
Аформленую ў выглядзе калажа вокладку пласцінкі, як і ўвесь буклет да дыска, Аліна аформіла сваімі рукамі. Гаворачы аб назве, яна зазначыла, што «гэта была першая лічба, якая прыйшла ў галаву — год нараджэння. Гэтыя лічбы часта трапляюцца на вочы. Мне падабаюцца гэтыя дзве васьмёркі, дзве бясконцасці».
У альбоме шмат у чым звыклае для Аліны Арловай акустычнае гучанне змянілася поп-музыкай з немалай колькасцю электронікі і розных камп'ютарных эфектаў. Усяго ў пласцінку ўвайшло дзесяць новых песень, выкананых па традыцыі на трох мовах (англійскай, літоўскай і рускай).





