Цяпер я ведаю: любы паход варта пачынаць з лазні. Я быў дурань і адмаўляўся, бо лазня ў вёсцы Добры Бор на Шчары — старадаўняя, топіцца па-чорнаму.

«Я спецыяльна старанна памыўся, каб хапіла на некалькі дзён», — тлумачыў я хлопцам. Тыя толькі смяяліся. І я наважыўся. У чорным нутрышчы ля ўваходу — тытан з кіпнем. Кранеш плячом — прысмажышся, бы карп да патэльні. Жыццё і смерць, кайф і небяспека мяжуюць адно з адным, як заўсёды ў жыцці. Тэмпература пякельная. 10 хвілін сядзення — і галаву вядзе, бы ў п’янага. Выходзіш, асцярожна мінаючы тытан, і павольна, крок за крокам, заходзіш у Шчару.

Струмень сцюдзёны і плыткі — табе не цёпла, і гэта здзіўляе, ты ж думаў, што пасля лазні зусім не адчуваеш холаду. Ад цела валіць пар. «Давай, скачы ў ваду з галавой. Не бойся», — заахвочвае Зміцер, наш капітан. Я даю нырца, вада шыпіць у перагрэтых вушах, як «Фанта». Вынырваю і заўважаю, што струмень паспеў аднесці мяне на 10 метраў. Адначасова з гэтым лаўлю сябе на адчуванні, што насамрэч мне зусім не холадна. Менавіта так: не цёпла, а не холадна. Ледзяная вада, што павінная вымаразіць вантробы, проста крыху казыча цела. Быццам дыстанцыя паміж скурай і душой, што можа адчуваць холад, павялічылася.

«Ну, цяпер зразумеў? — кажа Зміцер. — Лазня па-чорнаму — гэта не пра ачышчэнне цела. Гэта пра чысціню душы».

Пасля чатырох такіх «ходак» мы сядзім пад зорным небам, і я адчуваю, што мяне няма, я распусціўся ў паветры, знік сярод сузор’яў.

З намі едзе сабака пароды хаскі. Імя — Аса, адлюстроўвае захапленне Змітра раннім Салаўёвым. Лагодная, бы кацяня, яна ніколі не брэша, толькі скуголіць, калі яе крыўдзяць нядопускам да агульнага сняданку, ды па-кацінаму вуркоча, калі чэшуць.

У полі пад Пінскам сустракаем пастухоў, яны прыцягваюць нашую ўвагу сваім самаробным фургончыкам, збітым з дошак. Мужчына п’е гарбату з самавара, жанчына адпачывае ўнутры на ложку. «Як раздзьмухаеце самавар? — пытаемся ў іх. — Як у Расіі, ботам?» Гаспадар без словаў бярэ з зямлі жалезную трубу, устаўляе ў самавар, і праз хвіліну той ужо бурбоча кіпнем. Мы п’ём гарбату, і жанчына тлумачыць: яны цыганы з Драгічына, тут на сезоннай падпрацоўцы. «А што, вы не ведалі, што цяпер цыганы кароў пасвяць? — здзіўляецца мужчына. — У вашым Мінску ўсе статкі цыганы даглядаюць!» Бачна, што Мінск ён уяўляе такім жа Драгічынам, з палеткамі, жытам, гумнамі, але большым па памеры. Мне карціць запытацца пра нешта важнае. Для чаго мы жывём? У якога Бога вераць цыганы? Але замест гэтага размова неяк сама заходзіць пра заробкі. Так заўсёды.

Я адключыў сотавы тэлефон, і час знік. Цяпер суткі складаюцца з чатырох кампанентаў: світанак, дзень, вечар і ноч. Гэта дае твайму існаванню неймаверны спакой.

Паромная пераправа ля вёскі Караб’е — месца, дзе будзем спускацца на ваду ў лодках. Прыязджаем сюды ўначы. Домік паромшчыка асветлены, мы набліжаемся да яго, каб пазнаёміцца. Але на нас з-за кута з гаўканнем вылятае мядзведзь і пачынае кідацца на Асу. Ён злосны, як любы вартаўнік, зубы вышчараныя, ён намагаецца ўкусіць Асу за бок, і тады Зміцер падхоплівае яе на рукі і дае мядзведзю пендзеля. Мы з Антонам рыхтуемся ўступіць у сур’ёзны бой. Але мядзведзь раптам збягае, падціснуўшы хвост. Людзям, якія спускаюць на мінакоў (і на хаскі мінакоў) сабак, я б адкручваў галовы ў чыста прафілактычных мэтах.

«У вандроўцы па вадзе, нават на кароткія адлегласці, ёсць нешта першабытнае. Што ты там, дзе табе быць не варта, табе паведамляюць не столькі твае вочы, вушы, нос, язык, колькі ногі, якім не па сабе ў ролі органа пачуццяў. Вада ставіць пад сумнеў прынцып гарызантальнасці, асабліва ўначы, калі яе паверхня падобная на брукаванку. Наколькі б надзейнай ні была замена апошняй — лодка ў цябе пад нагамі, на вадзе ты больш пільны чым на беразе, а пачуцці ў стадыі большай гатоўнасці. На вадзе немагчыма забыцца, як гэта бывае на вуліцы: ногі ўвесь час трымаюць тваю свядомасць напагатове», — Josef Brodsky, Watermark. Адзіны геніяльны тэкст, напісаны ім па-англійску. 

«Благаславенне ў дарогу трэба прымаць так: правую далонь палажыце на левую, галаву схіліце», — гэта кажа святар, якога паклікалі нашы новыя мясцовыя сябры наставіць нас перад спускам на ваду. Паклікалі, дарэчы, пасля таго як даведаліся, што ідзём мы на дзвюх надзіманых лодках без матораў, ратавальных камізэлек у нас не прадугледжана.

Любая рака — гэта дарога, якая рушыць наперад жывым эскалатарам. Нерухомасць тут прынцыпова магчымая, але вымагае высілкаў. Каб стаць, трэба веславаць супраць плыні.

Асі 8 месяцаў, і для яе гэта першая сутычка з вялікай вадой. Ёй страшна: у лодцы яна кладзецца на дно і закрывае голаў лапамі. Спачатку мы думаем, што хаскі спякотна, і спрабуем паліць яе рачной вадой. Але гэта не дапамагае.

Прыпяць цягнецца з хуткасцю часу. Каб зразумець, як хвіліны складаюцца ў гадзіны, трэба сесці тут на човен і дазволіць плыні пацягнуць цябе міма парослых хмызняком і арэшнікам берагоў, прайсці па яе дрымотным выгінам, кранаючы галіны дрэваў, а яшчэ лепей — легчы на спіну і глядзець на аблокі. Увечары мы так і зрабілі: сцягнулі нашыя лодкі ў адзін счэп і перасталі веславаць. У вушах выразна загучала сола-імправізацыя Ніла Янга з Deadman Джармуша.

Планаваць нешта на Прыпяці — рэч няўдзячная, бо ты не можаш ведаць, дзе скончыш дзень і колькі кіламетраў пройдзеш.

За кожным пятым выгінам — размежаванне «дарогі» на два раўнавартасныя ўваходы, адзін з іх — Прыпяць, другі — «старыца». Увайдзі ў «старыцу», і праз некалькі кіламетраў пабачыш цуд — як шырокая, плыткая, рака заканчваецца тупіком. У практычным плане гэта азначае, што зараз трэба веславаць супраць плыні. Кажу ж, планаваць нешта на Прыпяці — рэч няўдзячная.

Самае дзіўнае відовішча — бачыць нашыя лодачкі на сотавым тэлефоне Антона, знятыя з вышыні ў 100 метраў, з дрона-коптэра, які дапамагае дакументаваць на відэа нашую вандроўку. Мая задача — забяспечваць бяспечныя ўзлёт і пасадку дрона, часам з вады, на руху. Калі ён у чарговы раз стракатаў сваімі чатырма прапелерамі, паступова зніжаючыся, Зміцер трапна выказаў агульнае адчуванне: «Гэтая рэч нібы прыйшла з апошняга «Тэрмінатара». Адчуванне, што мы яго пакуль кантралюем, але хутка ён вырвецца з-пад нашай апекі. Вось тады на ім і з’явяцца кулямёты».

Добразычлівыя браканьеры патлумачылі нам, што самае небяспечнае на Прыпяці — гэта баржа.

Некалькі дзясяткаў тон жалеза ды груз (камяні з Мікашэвіч) расціснуць і цябе, і тваю гумавую лодачку аб бераг, калі не выскачыш з фарватару ў час. Мы пабачылі іх двойчы: скрыгаткія, іржавыя, яны сунуліся праз раку з грацыяй постіндустрыяльных дыназаўраў.

Увечары мы вывучаем карту і разумеем, што наш план дайсці да Турава за 6 дзён нездзяйсняльны: мы ідзём з хуткасцю 4—5 км у гадзіну, нават калі вяслуем учатырох. Планаваць нешта на Прыпяці — рэч няўдзячная.

Перад вандроўкай хлопцы пацікавіліся ў Юцюба, на што лавіць сама, і знайшлі інфернальнае відэа, на якім нейкі адмыслоўца выпрагаў, што сом, «як вядома», ловіцца «на мыла, тухлую жабу і паленага вераб’я». Гэты «палены верабей» зрабіўся мемам: кожны раз, сустракаючы на рацэ рыбакоў, мы пыталіся, ці напраўду сама ловяць на«паленага вераб’я», і тыя энергічна абвяргалі гэтае дапушчэнне. І вось мы адплывалі, пераглядаліся і хорам вырашалі, што словы рыбакоў не вартыя даверу, бо хто ж выдасць праўду іншаму зацікаўленаму ў соме! «Вы бачылі іх вочы? Не, яны дакладна хавалі праўду пра паленага вераб’я», — заліваліся мы. Потым прыйшло метафізічнае пытанне: а як у прынцыпе да папуляцыі самоў могуць прыйсці веды пра такі незвычайны далікатэс? Усё ж такі вераб’і лётаюць у паветры, дзе самы апынаюцца вельмі рэдка. Пасля працяглай дыскусіі мы выпрацавалі такую працоўную версію: верабей трапляе ў ваду пасля сутычкі з маланкай. Гэтым жа тлумачыцца ягоная паленасць!

На вечар пятага дня вандроўкі я вырашыў паспрабаваць паспаць пад зорамі, выцягнуў спальнік з намёта і ўладкаваўся ля вогнішча. Твару было цёпла, у спіну крыху паддувала. Тым часам Зміцер знайшоў у падбароддзі Асы налітага крывёю кляшча. Дастаць яго адразу не атрымалася, мы прыціскалі яе да зямлі, свяцілі ліхтарыкам, яна мітусілася і спужана скуголіла, не разумеючы, што адбываецца. Я адчуў, як ёй жудасна, пагладзіў па галаве і вушах і прамармытаў, супакойваючы: «Не бойся, Асачка, усё будзе добра, мы проста спрабуем табе дапамагчы». І вось яна супакоілася і далей ляжала зацішна. Клешч быў выцягнуты, мы паляглі, і, ужо правальваючыся ў сон, я адчуў, як Аса ўладкавалася за маёй спінай, аддаючы сваё цяпло ў маю паясніцу — якраз у тым месцы, дзе дагэтуль было зябка. Так мы і засыналі ля вялікай ракі: чалавек і сабака, як тысячу гадоў таму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?