«Колькі ж ёй было гадоў?» — пацікавілася знаёмая, калі я паведаміў ёй пра смерць Джуны. — «66…» — «Ой, а я думала, 166!» Вокліч прагучаў з такой натуральнай непасрэднасцю, што вымусіў угледзецца ў вочы. Не, ні ценю жарту, адное здзіўленне…

Што праўда, я і сам здзівіўся яшчэ не такому сталаму веку, у якім знакамітая у апошнія 20 гадоў ХХ стагоддзя лекарка, прадказальніца, родапачынальніца савецкай экстрасэнсорыкі і ўвогуле загадкавая жанчына сустрэла сваю смерць. На тле той мінулай вядомасці паведамленне пра смерць Джуны Давіташвілі выглядала надзіва сціпла, нават звычайна: пайшла ў краму, адчула сябе дрэнна, выявілася, што хварэла на кроў…

Між тым, можна казаць, што сышоў у нябыт адзін з самых містычных сімвалаў канаючага СССР. У пэўным сэнсе яе можна параўнаць з Распуціным, прадвеснікам сацыяльнай катастрофы — амаль такая ж набліжанасць да ўладароў дзяржавы і звышчалавечыя здольнасці па забеспячэнні іх бессмяротнасці. Знешне ўсё гэта разыходзілася з афіцыйнымі ідэалагічнымі ўстаноўкамі. Але чуткі пра тое, што Джуна ратуе Брэжнева ды іншых членаў і не членаў ад распаду арганізмаў, не забараняліся. Вяла абвяргаліся, але не забараняліся. Што і вырашыла аднойчы выкарыстаць газета «Труд», у якой я працаваў уласным карэспандэнтам па БССР.

Наўрад ці я дакладна згадаю месяц і нават год, у якім Джуна была абяцана ў якасці галоўнай сенсацыі на так званым «Вторнике» «Труда» — адмысловым мерапрыемстве, што некалькі разоў на год ладзілася ў розных кутках тагачаснай краіны, а калі-нікалі і ў Маскве. Думаю, што гэта быў красавік 1984, бо згаданы «вторник» звычайна супадаў са штогадовай нарадай уласных карэспандэнтаў, звычайна адбываўся ў Калоннай зале Дома саюзаў і быў вельмі папулярным у масквічоў, бо абяцаў не толькі цікавыя сустрэчы, але і шыкоўны канцэрт. Пра тое, што сярод іншых знакамітых асоб — паэтаў, артыстаў, касманаўтаў, запрошана і Джуна, надавала мерапрыемству асаблівую цікавасць.

Але Джуна перад гледачамі так і не з’явілася. Памятаю, што ў чаканні яе адчувалася нейкая напружанасць. На пытанні, а дзе ж яна, арганізатары адказвалі нешта невыразнае, уздымалі вочы да столі ці наўпрост адмахваліся — не да вас…

А ў гэты час Джуна зачынілася ў ваннай і рэзала сабе вены. Ілля Мелянеўскі, рэдактар адзела навукі, і памочнік Джуны ў званні палкоўніка дзяржбяспекі ў адчаі ўварваліся ў ванную і ўгаворвалі Джуну супакоіцца…

Што ж папярэднічала гэтаму ўсплёску эмоцый?

Пра тое, што Джуна запрошана ў Калонную залу, у ЦК КПСС даведаліся ад тагачаснага рэдактара Леаніда Краўчанкі, які вырашыў, так бы мовіць, «узгадніць». І атрымаў загад: «Джуну на сцэну не выпускаць…» Бо вакол яе стварылася скандальная сітуацыя: шмат замежных пасольстваў праявілі да Джуны хваравіты інтарэс, ажно каля ста амбасадараў імкнуцца трапіць на гэты вечар…

Па ўспамінах непасрэдных сведак Джуна ўпала ў істэрыку, кінулася тэлефанаваць сакратарам ЦК, старшыні Дзяржплана Байбакову… Але пільны «памочнік» паспеў адключыць тэлефоны.

…Недзе ў архівах, безумоўна, хаваюцца іншыя падрабязнасці гэтай гісторыі. Але і тое, што вядома, выклікае супярэчлівыя думкі. З аднаго боку, сумнеўна, што замежныя паслы цікавіліся Джунай аж так. З іншага, хтосьці з іх напэўна цікавіўся — у спадзяванні пачуць нешта канкрэтнае пра стан здароўя яе «кліентаў», што кіруюць ядзернай краінай. З аднаго боку — барацьба з «цёмнай сілай», выкрыццё «антынавукі», у рэчышчы якога абвяргаліся незвычайныя здольнасці «звычайнай масажысткі». З іншага — карыстанне яе паслугамі ў спадзяванні на доўгае жыццё і бессмяротнасць камуністычнай улады. Як бы і што ні хавалася пад паверхняй, палкоўнікі дзяржбяспекі «звычайных масажыстак» не ахоўваюць.

…Таму «памочніку» разам з Мелянеўскім удалося адгаварыць Джуну ад самагубства. З рукі яшчэ выцякала кроў, калі яна другой рукой зрабіла на параненай ці то масаж, ці то нейкае іншае дзейства. Ілля расказваў, што кроў адразу спынілася, зніклі нават парэзы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?