Сям'я Саакашвілі на маршы вышыванак у Адэсе.

Сям'я Саакашвілі на маршы вышыванак у Адэсе.

Пра першыя дні Міхаіла Саакашвілі ў Адэсе, рэакцыю на гэта расійскай прапаганды мы пагаварылі з галоўным рэдактарам самага папулярнага адэскага сайта Dumskaya.net Алегам Канстанцінавым.

«Наша Ніва»: Як у Адэсе ўспрынялі прызначэнне Міхаіла Саакашвілі губернатарам вобласці?

Алег Канстанцінаў: Першапачаткова навіна, канечне, шакавала. Мы нават падумалі — гэта жарт. Большасць адэсітаў успрыняла гэта са стрыманым аптымізмам. Усё ж новая асоба, ніяк не звязаная з мясцовым палітыкумам. Гэта дае спадзяванне, што сістэма кіравання вобласцю будзе не на карысць пэўнаму клану, а ў інтэрасах усяго рэгіёна.

Ліберальна настроеныя людзі ўспрынялі гэта з захапленнем, азіраючыся на Грузію. Яны спадзяюцца, што спадару Саакашвілі ўдасца паўтарыць свой грузінскі досвед. Эксперты больш стрыманыя, бо губернатар — гэта не прэзідэнт дзяржавы з паслухмяным парламентам. Губернатар — гэта адзін з чыноўнікаў, ад якога не так шмат залежыць у нашых умовах. Ніводнае вялікае рашэнне: эканамічнае, па пытаннях уласнасці, бюджэту — без падтрымкі абласной рады немагчымае. А на сёння большасці ў аблрадзе ў нас няма. Там вялікае значэнне маюць былыя рэгіяналы, якія настроены крайне крытычна да Міхаіла Саакашвілі.

Новаму губернатару будзе няпроста. З іншага боку, наколькі мне вядома, Пятро Парашэнка даў сур’ёзны карт-­бланш Саакашвілі на навядзенне парадку ў Адэскім рэгіёне. Вось апошняе прызначэнне кіраўніка Адэскай абласной міліцыі пра гэта сведчыць: ім стаў былы намеснік кіраўніка МУС Грузіі Лордкіпанідзэ. За Саакашвілі сёння стаіць увесь дзяржаўны апарат, сілавікі таксама будуць каардынавацца з ім.

«НН»: Гаварылася аб скарачэнні чынавенскага апарату.

АК: Гэта пакуль толькі намеры. Была заява пра замену кіраўніцтва 24 з 27 раёнаў вобласці. Насамрэч, гэта расійскія СМІ так інтэрпрэтавалі. Бо на сёння ў Адэскай вобласці няма 24 кіраўнікоў раёна, а ёсць выканаўцы абавязкаў. І такая вычварная форма кіравання ў нас цягнулася цэлы год. Звычайна ў кіраўніка вобласці ёсць першы намеснік, які адказвае за эканамічны блок, намеснік па аграрнай палітыцы, па будаўніцтве. У былога губернатара Паліцы не было намеснікаў. Ролю намеснікаў ігралі дарадцы — гэта чыноўнікі, якія трапілі пад люстрацыю і не мелі права бліжэйшыя 10 гадоў займаць кіруючыя пасады. Гэта спадар Кучук, які быў намеснік кіраўніка Кіеўскай абласной адміністрацыі і сыграў у падзеях на Майдане неадназначную ролю. І спадарыня Чэгадар, былы віцэ­губернатар, якая трапляла пад закон аб ачышчэнні ўлады. Ніхто не разумеў, хто за што адказвае. Сам спадар Паліца большасць часу праводзіў не ва Украіне, а ў Швейцарыі. Поўнае вар’яцтва.

«НН»: Карупцыя — гэта галоўная праблема, з якой будзе змагацца Саакашвілі?

АК: Усе кажуць пра барацьбу з карупцыяй. Але ж карупцыю не можа перамагчы адзін асобна ўзяты губернатар, нават калі гэта Саакашвілі. Гэта патрабуе намаганняў усіх галін улады. Губернатар у нас жа не можа нават звольніць начальніка міліцыі, не можа ўздзейнічаць на мытню і падатковую службу. Ён можа змяніць сітуацыю толькі ў сваім ведамстве, спыніць казнакрадства, можа ўздзейнічаць на мэраў гарадоў, дзе квітнее карупцыя. Але адзін ён не адужае карупцыю.

«НН»: У Расіі прызначэнне Саакашвілі выклікала шал.

АК: Прызначэнне Саакашвілі выклікае ў нашых былых сяброў з Расіі стан блізкі да істэрыкі. Яны яго баяцца страшна. Бо гэта шчыры чалавек. Чалавек, які ваяваў з Расіяй. Гэта чалавек, які ненавідзець не рускіх, ён не русафоб, а Расію як агрэсіўную, аўтарытарную імперыю, якая пагражае самому існаванню Грузіі і Украіны. Калі праціўнік цябе баіцца, то ты напалову перамог. Адэская вобласць — гэта ключавы рэгіён Украіны, наўрад ці нашы сябры з Масквы тут нешта ўжо зробяць, але стабільнасць у Адэсе — зарука стабільнасці ва ўсёй Украіне.

Расійская прапаганда шмат чаго кажа, напрыклад, што па адэскіх вуліцах ходзяць злыя нацысты, паляць усіх. Іх слухаць — сябе не паважаць.

«НН»: А дзе жыве Саакашвілі ў Адэсе?

АК: Гэта інфармацыя з’яўляецца закрытай. Але па нашых дадзеных, ён жыве ў доме прыёмаў абласной адміністрацыі. Ён ахоўваецца, але за ім узброены спецназ не ходзіць. Ён некалькі разоў гуляў па горадзе, размаўляў з адэсітамі, фатаграфаваўся, ён больш адкрыты за папярэдніх губернатараў. Шыкоўнага асабняка ў Адэсе ён не мае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?