На афішнай тумбе на сталічным праспекце Незалежнасці зачапіла не самая прыкметная афіша — гурт Port Mone прэзентуе свой новы альбом «Thou». Што за гурт — амерыканскі, англійскі? — пацікавіцца чытач. Не, беларускі. Праўда, ні з назвы трыа, ні альбома гэта не вынікае. Ну і бог з гэтымі назвамі, папікне нехта, абы музыка была харошая. Маўляў, музыка ж не мае мовы. Трыа, дарэчы, інструментальнае — без слоў. Альбом выдаваўся за мяжой.

Чаму гэтая каманда мяне так зачапіла? Прыгадаліся словы яе ўдзельніка Аляксея Варсобы ў адным з інтэрв’ю. «Трэба сказаць, што ад пачатку мы вызначылі надта жорсткія ўмовы для выдання. Наш дэбютны альбом выдаў вядомы расійскі лэйбл «Геометрія», што было для нас значна [дыск называўся «DIP»]. І з наступным альбомам хацелася не паніжаць планку і спрабаваць выйсці на сусветны рынак. Таму планавалі выдаць альбом у Еўропе альбо ЗША».

Насцярожвае, што музыкі адразу скіраваны ў свет. Не ў сябе, а ў свет. Канечне, можна казаць, што тут не разумеюць іх музыку, няма падрыхтаванага слухача. Калі ласка. Але я не бачу за гэтымі замежнымі назвамі Беларусь. І Port Mone — гэта толькі адзін з тых соцень магільшчыкаў беларускай культуры.

Я не бачу Беларусь і за англамоўнымі назвамі гуртоў YellowBrick Road, The Toobes, IOWA, Vegetables…

Снабізм? Спроба адзець усіх у вышыванкі? Не, толькі спроба надаць нацыянальны каларыт.

Як не спяваюць масава па-­беларуску, так і не будуць гэта рабіць проста па ўзмаху рукі. Але не трэба ператварацца ў копіі іхніх, замежных, выканаўцаў. Хочацца «стрэліць» за мяжой, дык не выракайцеся тады каранёў. Хочацца выкарыстоўваць лацінку ў назве, чаму не ўзяць беларускі варыянт. Беларускія словы. Што сведчыла б пра адрознасць ад іхніх, замежных, выканаўцаў. Слухача трэба «браць» творчасцю, а не перайманнем чужых слоў.

Беларускія музыкі, якія спяваюць па-­англійску, косяць пад амерыканцаў?

Адзін мой знаёмы грае блюз, кантры. Часта выступае ў барах. Аднаго разу мы з ім дыскутавалі наконт мовы яго песень. Ён спявае амерыканскія песні. «Чаму не пішаш па-­беларуску сам тэксты?» — «Па-­беларуску немагчыма спяваць блюз». Чым не міф пра непаўнавартаснасць мовы, што на ёй нельга выказваць высокія думкі. Магільшчык айчыннай культуры?

Канечне, нельга штосьці забараніць. І не трэба. Нехта хоча сам быць усё жыццё лабухам і не ўздымацца на высокую сцэну.

Дарэчы, яшчэ раз пра мову. Штогод заходзяць спрэчкі пра тое, каго з якой песняй адправіць на конкурс «Еўрабачанне» ад Беларусі. І заўжды гучаць галасы, каб гэта была песня на беларускай мове. Але пакуль да іх не прыслухоўваюцца. Між іншым жа статыстыка такая. З 63 пераможцаў на конкурсе 29 кампазіцый праспявалі на англійскай мове (для Вялікабрытаніі і Ірландыі гэта дзяржаўная мова, а перамог на дзве гэтыя краіны прыходзіцца ажно 12). І яшчэ 32 былі на французскай (14), нідэрландскай (3), іўрыце (3), нямецкай, нарвежскай, шведскай, італьянскай, іспанскай (па 2), дацкай, харвацкай, сербскай (па 1). Пераможная песня спявачкі Русланы была двухмоўнай — на англійскай і ўкраінскай. А нашы арганізатары ўсё пнуцца адправіць ад Беларусі англамоўныя кампазіцыі.

Пакуль не будзе нацыянальнага каларыту ў назвах, тэкстах, музыцы, гэта і будзе перайманнем чужога. А калі за мяжой не могуць ацаніць гэтыя «закосы» пад іх культуру, навошта тады нам ацэньваць тут гэтыя копіі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?