Фота: greenprophet.com
Намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Ігар Гаеўскі паведаміў аб правядзенні вучэнняў на выпадак пранікнення ў Беларусь вірусу MERS, перадае «Мінск-Навіны».
У Нацыянальным аэрапорце Мінск былі праведзеныя вучэнні з удзелам памежнікаў і служб грамадзянскай авіяцыі. Да 21 чэрвеня аналагічныя вучэнні правядуць ў абласных аэрапортах.
На вучэннях адпрацоўвалася ўзаемадзеянне на выпадак падазрэнняў пранікнення вірусу MERS у Беларусь. Правяралася таксама, якія крокі зробіць кожнае ведамства, каб лакалізаваць інфекцыю і прадухіліць яе распаўсюд.
Па словах Гаеўскага, тэплавізары, здольныя выяўляць людзей з «нездаровай» тэмпературай, ёсць у кожным транспартным пераходзе і ў рэгіянальных аэрапортах, праводзіцца даабсталяванне Мінскага аэрапорту больш сучаснымі сродкамі.
Раней у мінскім аэрапорце праводзіліся вучэнні на выпадак пранікнення віруса Эбола (хоць імавернасць яго пранікнення ацэньвалася як невысокая). Як распавёў Гаеўскі, падчас тых вучэнняў у аэрапорце вылічылі ўсіх нігерыйцаў з высокай тэмпературай, ізалявалі іх і правялі тэсты, затым 20 дзён сачылі за станам іх здароўя.
***
Першыя выпадкі заражэння вірусам рэгістраваліся ў Саудаўскай Аравіі ў чэрвені 2012 года. Успышка вірусу MERS была нядаўна зафіксаваная ў Паўднёвай Карэі, першы выпадак смерці ад яго ў Еўропе быў зафіксаваны ў Германіі.
Вакцыны ад віруса MERS на сёння няма. Пакуль вірус недастаткова даследаваны, невядомая нават дакладная крыніца яго паходжання.





