Грэцыя прэзентавала новыя прапановы для крэдытораў падчас пазачарговага саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЕС, аднак канчатковага рашэння пакуль дасягнуць не ўдалося і краіне ўсё яшчэ пагражае дэфолт.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Кіраўнікі еўразоны назвалі прапановы Грэцыі асновай для магчымай дамовы, якая дазволіць разблакаваць фінансавую дапамогу і прадухіліць дэфолт.

Старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск назваў грэчаскія прапановы «пазітыўным крокам наперад». Паводле яго слоў, міністры фінансаў Еўрагрупы маюць зацвердзіць пакет рэформаў для Грэцыі ў сераду ўвечары і даслаць яго лідарам краін для канчатковага зацвярджэння ў чацвер раніцай.

Тым не менш, неабходна спачатку ўзгадніць праграму рэформаў з прадстаўнікамі еўрапейскіх урадаў, Еўрапейскага цэнтральнага банка і Міжнароднага валютнага фонду.

«Я перакананы, што мы прыйдзем да канчатковага пагаднення на працягу гэтага тыдня», — сказаў прэзідэнт Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер пасля саміту.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель — Германія пазычыла для ўратавання Грэцыі найбольш грошай — была асцярожнаю. «Я не магу даць ніякіх гарантый, што гэта адбудзецца. Там яшчэ шмат чаго трэба зрабіць», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0