РУП «Белпошта» і мытная служба Беларусі адкрылі на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск дадатковы пункт міжнароднага паштовага абмену, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Адкрыццё новага пункта дазволіць сартаваць паштовыя адпраўленні, якія прыбываюць у Беларусь міжнароднымі паветранымі шляхамі, а таксама ўсе неабходныя мытныя працэдуры прама ў аэрапорце без адпраўкі на іншыя пункты міжнароднага паштовага абмену.
Як адзначылі ў ДМК, пункт ужо пачаў функцыянаваць і «паслядоўна разгортваць магутнасці па ажыццяўленні мытных аперацый у дачыненні да паштовых адпраўленняў». З 15 па 21 чэрвеня 2015 года ў ім было апрацавана 6,5 тыс. адпраўленняў.
Цяпер паветраным шляхам у Беларусь дастаўляецца прыкладна 80—90% міжнародных паштовых адпраўленняў, ці прыблізна 40% ад іх вагі.
Найбліжэйшым часам у аэрапорце плануецца арганізаваць апрацоўку ўваходнай міжнароднай пісьмовай карэспандэнцыі з усіх краін, за выключэннем Кітая, Сінгапура і Ганконга, ці 27% ад агульнага аб'ёму пісьмовай карэспандэнцыі, што паступае авіятранспартам.
Па меры ўкамплектавання штата і назапашвання прафесійнага вопыту мяркуецца паступовае павелічэнне колькасці апрацаваных паштовых адпраўленняў і пераход да канца 2015 года на кругласутачны рэжым працы пункта, адзначылі ў ДМК.
Мяркуецца, што вясной 2016 года, пасля ўводу дадатковых вытворчых магутнасцей, у аэрапорце будзе апрацоўвацца ўся карэспандэнцыя, якая дастаўляецца ў Беларусь авіятранспартам.