Гісторыя бывае навукай суб’ектыўнай, калі падладжваецца пад свой час і уладу. А гэта прыводзіць да скажэння і падтасоўкі фактаў. Скажаюцца факты ў тым ліку і падчас вывучэння праблем Вялікай Айчыннай вайны. На адным асобна ўзятым прыкладзе я паспрабую даказаць гэту здагадку.

З падручнікаў гісторыі ўсе ведаюць пра ленд-ліз. Нас калісьці вучылі, што ён даў усяго каля 4% ад агульнай вытворчасці зброі і матэрыялаў у СССР у гады вайны. Мізэрная лічба! Але…

Вось, аказваецца, за гады вайны пастаўкі па ленд-лізе авіябензіну склалі 51,5% ад савецкай вытворчасці (дадзеныя з кнігі гісторыка Б.В.Сакалова «Другая сусветная вайна» (Масква «АСТ-Прэс кніга», 2005 г.); пастаўкі аўтамабіляў — 150% савецкай вытворчасці; 56,5% ад агульнай вытворчасці чыгуначных рэек СССР; 240% савецкай вытворчасці паравозаў і 1100% вытворчасці электравозаў; 53% ад савецкай вытворчасці выбуховых рэчываў (прасцей кажучы, пораху і тратылу); 82,5% вытворчасці медзі; 120% ад савецкай вытворчасці матацыклаў і гэтак далей. Уражваюць лічбы? Калі на іх абапірацца, то можна лёгка даказаць, што СССР толькі таму і перамог у вайне, што атрымліваў дапамогу ад ЗША і без яе быў асуджаны. Самае смешнае, што і гэтыя лічбы, і 4% долі ленд-лізу дакладныя. Проста падыход да іх процілеглы.

За час вайны Савецкі Саюз вырабіў 15 штук электравозаў, а атрымаў па ленд-лізе 165 адзінак — адгэтуль лічба 1100%. Некарэктна. Згодзен. Падобная сітуацыя і па іншых прыведзеных тут лічбах.

Калі добра разабрацца, мы разумеем: сапраўды ленд-ліз у рэальным вылічэнні не такі вялікі. Але прыведзеныя вышэй лічбы і высновы зроблены зыходзячы з метадалогіі савецкай і расійскай гістарыяграфіі. Калі б перад афіцыйнымі гісторыкамі была пастаўлена задача даказаць вырашальную ролю ленд-лізу ў перамозе над Нямеччынай, яны лёгка б гэта зрабілі. Агульныя дадзеныя «замаўчалі» б, а асобныя (вышэй прыведзеныя) раздзьмулі б да памераў бясспрэчнай ісціны. І мы б, дарагія таварышы, усяму гэтаму верылі б. А як жа — у падручніку напісана!

 А праўда ж у іншым — ЗША пастаўлялі ў СССР тое, чаго тут бракавала. Бракавала аўтамабіляў — пастаўлялі (375 тысяч грузавікоў і 50 тысяч уседарожнікаў, што зрабіла армію мабільнай, нават Мікаян прызнаваў, што без тых аўтамабіляў вайна зацягнулася б на год-два). Танкаў хапала — пастаўлялі менш. Але паставілі гіганцкую колькасць каляровых металаў.

Мог бы СССР перамагчы без МіГаў і ЛаГГаў? Не. А мог бы перамагчы без 50% гаручага да гэтых самалётаў? Не. Вось на што трэба расплюшчыць вочы — на тое, што Перамога супольная! Не СССР перамог фашызм. Не ЗША перамаглі Нямеччыну. Мы разам перамаглі!

Гэта цяжка прызнаць. Для гісторыкаў, якія абаранілі дысертацыі на падкартоўках, немагчыма. Уладам нявыгадна. Народу крыўдна. Нам не патрэбна праўда? Нам патрэбен прыгожы міф? Не, нам трэба праўда. Гісторыя — настаўніца жыцця, кажа мудрае выслоўе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?