фота Сяргея Гудзіліна

фота Сяргея Гудзіліна

— Ваш вобраз дылетанта стаў папулярным. Вы яго граеце альбо гэта Вы і ёсць?

— Канечне, ёсць я. Яшчэ да з’яўлення праграмы я выпраўляўся ў гэтыя падарожжы. Хадзіў у архівы, сам у іх займаўся, склаў свой радавод. Я скупляў усе кніжкі па гісторыі, якія тады выходзілі.

— Ваша праграма — адна з нешматлікіх беларускамоўных на дзяржаўным тэлебачанні…

— Я не толькі па-беларуску размаўляю! Я, добрасумленны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, валодаю дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Чаму іншы чалавек нядобрасумленна ставіцца да закона аб двухмоўі? Калі двухмоўе, то добра, давайце 50 на 50. Але ж нельга так, што скрозь пануе адна мова, прытым мова суседняй дзяржавы.

У гісторыі шмат чаго было. Адзін час у нас толькі па-польску размаўлялі. І дзе цяпер пачуеш польскую мову? Мова беларуская — мова сонца. Яна з’явілася з першымі прамянямі сонца, і пакуль сонца свеціць на гэтай зямлі, яна будзе жыць.

— У Вашай перадачы цэнзура ёсць?

— Мне маіх тэкстаў пакуль яшчэ не вярталі. Я ж не маню там, не кажу няпраўды, а расказваю нашу гісторыю такой, якой яна была.

— У рэдакцыі мяне папрасілі спытаць: што ў Вас у чамадане?

— Расказваю. Прыязджаеш ты ў вёску, а там свая энергетыка, свая атмасфера. І, пакідаючы гэтую вёску, я бяру ў жменьку гэтую атмасферу і складаю сабе ў чамадан. Там у мяне такі архіў энергетыкі цудоўных мясцін. А што, усе думаюць, што я ў чамадане нашу пляшку самагонкі і кавалак сала з цыбуляй?

— Менавіта так!

— Такое таксама бывае. Што дадуць, тое і пакладу ў чамадан (усміхаецца).

— Вас пазнаюць у вёсках?

— Так, пазнаюць. Бывае, што спачатку пачынаем здымаць, пад’язджае міліцыя, але як толькі бачаць мяне з чамаданам — ніякіх пытанняў, толькі хочуць даведацца, калі перадача будзе.

— Што здымаеце цяпер?

— На тэлебачанні адпачынак. Да восені новых праграм не будзе, ідуць паўторы. А я цяпер чытаю Біблію на беларускай мове, каб выдаць дыск — аўдыёкнігу. Трэба, каб Біблію паслухаў кожны чалавек. Гэтая кніга прайшла тысячагоддзі. Гэта некамерцыйны праект, мяне папрасілі дапамагчы — і я згадзіўся.

— Вы вернік?

— Я веру ў Бога і стаўлюся да ўсіх рэлігій абсалютна аднолькава. Ні Хрыстос, ні Майсей, ні Магамет, ні Крышна, ні Буда — не вучылi злу. І любіць бліжняга свайго — гэта любіць чалавека любой канфесіі. Не трэба жыць як звяры. Ты не з’ясі — цябе з’ядуць. Цяпер у нашым свеце, на жаль, такое ёсць, але ж нельга ператварацца ў жывёліну нейкую.

— Бібліяй будзеце займацца ўвесь адпачынак? Ці маеце яшчэ якія планы на лета?

— Ды тут на вечар цяжка планы складаць. Але я ўжо даўно хацеў паехаць у вёску, там трава ўжо вырасла, трэба пакасіць, а то яна потым паляжа і касіць будзе цяжка. А я ўсё ніяк не магу заехаць.

— Касою косіце?

— Канечне! Заўсёды ездзіў з бацькам на пакос. Раней у калгасе трэба было цягнуць квіток, на якім быў пазначаны ўчастак, дзе ты косіш. Памятаю, мы аднойчы з бацькам прыехалі на ўчастак, сталі, і тут я гляджу, што ў бацькі слёзы пацяклі. Я пытаюся, што такое, а ён кажа, што калісьці гэты ўвесь луг быў нашай зямлёй — майго прадзеда Жыгамонта, а нам цяпер трапіла касіць з краю гэтага лугу, у карчах. І дадаў: «Эх, камунякі!» Страшэнна не любіў камуністаў. Вось тады я і пачаў цікавіцца, хто былі мае продкі, дзяды, прадзеды. Я тады ў клас пяты-шосты хадзіў.

— То бок на адпачынак за мяжу, каб на пляжы паляжаць, Вы не ездзіце?

— Я б з задавальненнем, але, як кажуць палякі, «nie ma pieniędzy». Буду адпачываць у вёсцы Дзямідаў Нараўлянскага раёна. Рэчка Славечна побач, класная рыбалка там: самы, шчупакі, язі, карасі, уюны ёсць.

Зямля, дзе нарадзіўся, дае моцны зарад. Бывае, у Менску цяжка робіцца — еду ў вёску. Два-тры дні — і абсалютна зараджаны. Пойдзеш на могілкі, дзе продкі твае ляжаць, паходзіш у дубняку, да рэчкі выйдзеш. Продкі даюць сілу. Ад каранёў адарваўся, ад Бога адарваўся — усё, прапаў. У нас моцныя карані, нашыя продкі заклалі нам моцны фундамент.

— А мы яго нішчым.

— Выходзіць, так. Балюча ад таго, што не можаш супраць гэтага нічога зрабіць. Б’ешся-б’ешся, а не можаш зрабіць, каб не нішчылася твая гісторыя, твая мова. Таму цяпер трэба проста рабіць тое, што ты можаш зрабіць для Беларусі, а не проста біцца аб сценку. І я ведаю, што вынік будзе жыць у вечнасці. А калі жыць сённяшнім днём, дык ідзі крадзь тады! Бога няма, продкаў няма — што табе перашкаджае? Пайшоў, скраў, ды жыві! А калі чалавек жыве вечнасцю, то ён ведае, што душа яго вечная і зямля вечная. Нас не было, а лес быў. Мы памром, а лес застанецца.

— Вы так натхнёна расказваеце аб нашай краіне. Як гэта давесці замежнікам, каб турыстаў паболела?

— У нас шмат на чым можна рабіць турыстычны бізнэс. Дзе ёсць такія лясы, балаты і пушчы, як у нас? Некаму цікавае мора, а некаму — лясы і рэчкі. Да нас прыязджалі італьянцы. Мы завезлі іх у балота, яны палавілі ўюноў, пахадзілі там. Столькі ўражанняў было ў людзей! Уся прырода па-свойму цікавая. Вось што людзі едуць глядзець на Паўночны Полюс у Арктыку? А ў нас столькі ўсяго цікавага захавалася! Драўляная архітэктура, старажытныя касцёлы з арганамі, цэрквы! Проста з гэтым трэба працаваць. Замежнікі едуць і цікавяцца.

— Самагонку нашую п’юць…

— Я табе скажу, што па вёсках ужо і самагонку развучыліся нармальна рабіць. Ужо прыязджаеш — і кажуць, што развучыліся. Ужо і лянота ехаць у той лес з гэтым апаратам, а раптам яшчэ міліцыя зловіць… Ты ж разумееш, што тая міліцыя сама гоніць самагонку і нармальна ёю карыстаецца. У дзённіках Караткевіча ёсць добрая гісторыя. У нейкай вёсцы міліцыянты злавілі двух дзядоў-самагоншчыкаў. А аштрафавалі толькі аднаго. Бо ў першага была самагонка добрая, і яе ўсю выпілі, не паспелі нават давезці да раёна. А тую, што была дрэнная, пакаштавалі і давезлі.

— Складваецца ўражанне — Вы таксама спецыяліст!

— Я табе зараз фота пакажу! О, наша Палессе! Вось гэта мой бацька, Царства Нябёснае, гоніць! У нас быў свой самагонны апарат. На такіх чоўнах пад’язджалі, вазілі брагу, гналі. Якасная была: ніхто не травіўся. І ў нас не было такога, што ёй гандлявалі — людзі рабілі для сябе. Заробкі былі малыя, а самагонка — сродак разліку. Узаралі агарод — чым бабулі разлічыцца? Яна пляшку на стол паставіла. Як талака — людзей жа трэба частаваць. І не было такога, што напіваліся. Выпілі па чарачцы, паабедалі, пасядзелі, песні паспявалі і разышліся. І спявалі, і выпівалі нармальна, і ніхто не валяўся нідзе.

— Як такога творчага чалавека, як Вы, у свой час занесла ў ПТВ будаўнікоў?

— Я пасля войска прыехаў у Менск і думаў, куды паступіць. А куды паступаць, калі ў школе я вучыўся не вельмі добра? Паступіў у ПТВ, працаваў на вежавым кране. Пасля пазнаёміўся з хлопцамі, якія вучыліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце. І мяне настолькі захапіла гэтае тэатральнае мастацтва! Я паступіў з першага разу. У мяне жыццё перавярнулася цалкам. Не паспяваў спраўляцца з такой хуткасцю. Начамі чытаў, проста не спраўляўся з аб’ёмам інфармацыі, які на мяне зваліўся.

— А пра войска раскажаце? Дзе і як Вам служылася?

— Калі ішоў у войска, мяне дзед выводзіў з хаты па ўсіх правілах і абрадах, як трэба. Мне, канечне, пашанцавала: служыў я кіроўцам — вазіў начальства на ўазіку. Я перад сыходам на грамадзянку ўсё думаў, дзе б такую працу знайсці. Хаця ўсякае было. І праз дзедаўшчыну прайшоў, і праз іншыя рэчы. Служыў ва Украіне (паміж Бярдзічавам і Чуднавам), гэта былі войскі РВСН. Але гэтыя ракеты ў нас толькі ляжалі, захоўваліся.

Тут і ніжэй фота з асабістага архіва Юрыя Жыгамонта

Тут і ніжэй фота з асабістага архіва Юрыя Жыгамонта

— Чаму Вас там навучылі?

— У нас хлопец адзін служыў, які вырашыў закасіць пад дурня, каб камісавалі. Але камісавацца не ўдалося, а выйсці з гэтай ролі ён ужо не змог. І яго па-іншаму не ўспрымалі. Падыходзіць, а яму ў лабешнік — трэсь, і ўсё. За стол з ім ніхто не сядаў. І яго маці, калі прыязджала да яго разам з братам, сказала такую фразу: «Армія з адных робіць сталь, а з другіх — шлак». Вось так.

Цяпер жа косяць ад войска. У мой час, калі цябе не забралі — гэта было сорамна, ты не ведаў, дзе падзецца. Усё, калека нейкі, дзеўкі любіць не будуць. У нас аднаго хлопца камісавалі з войска праз год службы з-за праблем з сэрцам. І ён паехаў не дахаты, а да нейкай радні ў Расіі, жыў там у іх год, каб пасля вярнуцца ў форме дадому нармальна. Вось што такое было войска ў наш час!

Я адслужыў два гады і абсалютна не шкадую. У мяне засталіся вайсковыя сябры, з якімі мы стэлефаноўваемся, ездзім на рыбалку разам. У нас у часці былі ўсе: і малдаване, і дагестанцы, і рускія, і ўкраінцы, і ўзбекі — гэта былі 1986—88 гады. І ўсе народы паміж сабой размаўлялі па-свойму. І мы тады таксама дамовіліся ўсе і размаўлялі толькі па-беларуску між сабой. Гарадскія хлопцы не ўмелі па-беларуску добра размаўляць, таму яны вучыліся ў нашых вясковых хлопцаў.

— Пытанне пад фінал. Вы неяк казалі, што не карыстаецеся інтэрнэтам. Нічога не змянілася?

— Інтэрнэтам я карыстаюся. Проста не хачу ў гэтых сетках быць. Чытаю навіны — зайшоў, паглядзеў, што піша «Наша Ніва», дзе там якога сабачку прыдушылі пад якім мостам.

— Тэлевізар не глядзіце?

— Ну як магу яго не глядзець, калі там мяне паказваюць? Але гэта ж не значыць, што я сяджу і пастаянна пазіраю. А па апошніх падзеях можна сказаць, што шмат людзей глядзіць тэлевізар. Прыехаў я на вёску, а ў нас жа там ад украінскай мяжы недалёка, таму ўкраінскія каналы таксама ідуць. І дзве бабкі пачалі спрачацца: адна валіць на Парашэнку, другая — на Пуціна. Проста ў адной адныя каналы ідуць, а ў другой — іншыя…

Тэлевізар — гэта вельмі магутная рэч. І таму варта паказваць па ім і папулярызаваць нашу гісторыю.

***

Юры Жыгамонт нар. у 1968 у вёсцы Дзямідаў Нараўлянскага раёна. Акцёр, тэлевядучы, журналіст. Скончыў ПТВ па спецыяльнасці «кіроўца вежавых кранаў», Тэатральна-мастацкі інстытут. Працаваў у тэатры «Вольная сцэна» і ў Тэатры юнага гледача. Ад 2006 — вядучы папулярнай перадачы «Падарожжы дылетанта» (цяпер — «Прыгоды дылетанта») на СТБ. Жыве ў Мінску. Жанаты, гадуе дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?