У Беларусі неабходна стварыць сваю геалагічную службу, заявіў новы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута 26 чэрвеня ў Мінску падчас яго прадстаўлення на пасадзе калектыву міністэрства.

Як растлумачыў Каўхута журналістам, стварэнне геалагічнай службы дасць магчымасць правесці аналіз мінеральна-сыравіннай базы, ацаніць наяўныя ў Беларусі запасы карысных выкапняў і прафесійна праводзіць геолагаразведачныя работы.

Паводле слоў міністра, Мінпрыроды мае намер сканцэнтравацца на рацыянальным і комплексным выкарыстанні мінеральна-сыравінных рэсурсаў. «Эканоміка мінеральнай сыравіны павінна быць пакладзена ў аснову дзейнасці Мінпрыроды», — зазначыў ён.

Каўхута таксама паведаміў, што плануецца перагледзець структуру міністэрства. «Варта ўпарадкаваць структуру Мінпрыроды, уключаючы тэрытарыяльныя падраздзяленні і падведамасныя арганізацыі, і па многіх кірунках скаардынаваць сваю дзейнасць з Міністэрствам ЖКГ, Мінбудархітэктуры і Мінэканомікі, Нацыянальнай акадэміяй навук, канцэрнам «Белнафтахім», — сказаў міністр.

Кандыдат геолага-мінералагічных навук Андрэй Коўхута прызначаны міністрам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя 25 чэрвеня. З 2004 года працаваў намеснікам дырэктара дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а раней — у Інстытуце геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук, дэпартаменце па геалогіі Мінпрыроды, Навукова-вытворчым цэнтры па геалогіі.

Ранейшы кіраўнік Мінпрыроды Уладзімір Цалко займаў міністэрскую пасаду з чэрвеня 2009 года па 27 снежня 2014-га. Ён быў адпраўлены ў адстаўку разам з іншымі ўрадавымі чыноўнікамі і прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?