Каўчэг з часцінкай мошчаў святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра дастаўлены 27 чэрвеня ў галоўны праваслаўны храм Мінска — Свята-Духаў кафедральны сабор на плошчы Свабоды.

У Беларусь каўчэг прыбыў 20 чэрвеня, падчас візіту ў краіну патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Святыня ўжо пабывала ў Брэсце і Гродне.

28 ліпеня пакланіцца часцінцы мошчаў князя Уладзіміра можна з 6.00 да 9.00 і з 12.00 да 23.00.

29 і 30 чэрвеня праваслаўныя вернікі змогуць убачыць святыню з 7.00 да 23.00.

У апошні дзень знаходжання каўчэга з часцінкай мошчаў князя Уладзіміра, 1 ліпеня, доступ да яго будзе арганізаваны з 7.00 да 14.00.

У той жа дзень святыня адправіцца ў Магілёў, дзе прабудзе да 4 ліпеня, а затым да 7 ліпеня будзе знаходзіцца ў Віцебску. Адтуль каўчэг з мошчамі накіруецца ў Смаленск і працягне падарожжа па гарадах Расіі.

Князь Уладзімір вядомы як хрысціцель Русі. Згодна з летапісамі, 15 ліпеня 1015 года ён памёр у княжацкай рэзідэнцыі ў Бераставе (Кіеў). Быў пахаваны ў мармуровым саркафагу пад зводамі Дзесяціннай царквы (царква Успення Прасвятой Багародзіцы) у Кіеве. У далейшым храм быў разбураны, а месца спачыну князя доўгі час было пад руінамі. У 1635 годзе мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Пётр (Магіла) загадаў разабраць руіны і дастаць астанкі князя. Частку мошчаў Уладзіміра перадалі ў Маскоўскае княства, дзе яны знаходзіліся ва Успенскім саборы Крамля. Да нядаўняга часу святыня захоўвалася ў фондах Крамлёўскіх музеяў, а ў 2010 годзе мошчы ў каўчэгу былі перададзеныя Рускай праваслаўнай царкве і размешчаныя ў маскоўскім кафедральным саборным храме Хрыста Збавіцеля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?