фота з фэйсбука Дар'і Каткоўскай

фота з фэйсбука Дар'і Каткоўскай

Айцішніку Аляксею Камку далі 6 гадоў з канфіксацыяй у калоніі ўзмоцненага рэжыму, яго прызналі вінаватым па ўсіх трох артыкулах. Прысуд быў абвешчаны сёння, 29 чэрвеня, у судзе Партызанскага раёна Мінска.

Выказваецца здагадка, што яго затрыманне звязана з затрыманнем іншага вядомага ІТ-бізнесоўца.

Аляксей Камок быў арыштаваны ў студзені 2014 года. У лютым 2015 Следчы камітэт паведаміў аб завяршэнні расследавання крымінальнай справы «ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі, 1981 г. н., які з 2005 па 2012 год займаўся незаконнай рэкламнай дзейнасцю ў сетцы Інтэрнэт», рэкламуючы «не толькі легальныя тавары і паслугі, але таксама і парнаграфічныя матэрыялы». Паводле інфармацыі СК, пры гэтым «прадпрымальнаму мужчыну», якім быў Камок, і «яго кампаньёнам» удалося зарабіць «больш за 700 тысяч даляраў». Маладому чалавеку было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 і ч. 3 арт. 233 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, учыненая ў складзе арганізаванай групы) і ч. 2 ст.343 (Распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) КК Беларусі, паведамляе Tut.by.

Аляксея Камка абвінавачвалі ў:

  • Утойванні заробку 131 тысячы даляраў на рэкламных сайтах у 2005-2012 гадах. Пры рэгістрацыі ў плацёжнай сістэме, як высветліла следства, Камок фальсіфікаваў пашпартныя звесткі. Камок прызнаў віну і ўзмясціў дзяржаве 356 млн рублёў.
  • Незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і атрыманні прыбытку ў памеры 684 тысячы даляраў у 2006-2008 гадах праз афшор у Гібралтары праз размяшчэнне на сайтах рэкламы лекаў, медыцынскіх прэпаратаў і біядадаткаў. Абарона прасіла апраўдаць Камка праз адсутнасць складу злачынства і доказаў удзелу падсуднага ў згаданых эпізодах.
  • Распаўсюдзе парнаграфіі праз дзве спасылкі на форуме ў 2005 і 2008 гадах. Абарона настойвала на адсутнасці складу злачынства на момант публікацыі (адпаведны закон набыў сілу ўвосень 2008 года і не мае зваротнай сілы) і доказаў удзелу падсуднага ў згаданых эпізодах (спасылку 2005 года наогул не атрымалася знайсці ў архівах форуму).

Па выніках судовых спрэчак пракурор палічыў віну Камком па ўсіх эпізодах даказанай і запытаў для яго 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Акрамя таго, ён запатрабаваў спагнаць з абвінавачанага 12 млрд беларускіх рублёў — суму даходу, атрыманага злачынным шляхам, эквівалентную 816 тысячам даляраў.

Камок у момант затрымання займаў пасаду гендырэктара расійскай кампаніі «Інтэрнэт-білет», а да гэтага некалькі гадоў адпрацаваў топ-менеджарам кампаніі, якую заснаваў іншы вядомы прадпрымальнік, затрыманы тры месяцы таму паводле падазрэння ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, учыненай арганізаванай групай». Следства мяркуе, што гэтыя дзве справы ўзаемазвязаны паміж сабой.

Адвакаты Камка заявілі аб тым, што «ў ходзе расследавання справы не здабыта дастатковых і аб'ектыўных доказаў, якія пацвярджаюць дачыненне Камка да інкрымінаваных злачынстваў». Яны прапанавалі апраўдаць падабароннага па шэрагу эпізодаў і прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

У сваім апошнім слове Аляксей Камок прызнаў віну толькі па адным эпізодзе. Ён сказаў, што «менеджары па гандлі свабодай» патрабавалі ад яго паставіць подпіс пад патрэбнымі паказаннямі. Сам ён папрасіў суд «ўлічыць змякчальныя абставіны» і «прыняць мудрае, справядлівае і смелае рашэнне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?