Амерыканскі палітолаг Збігнеў Бжэзінскі выступае за пастаўкі абарончай зброі Украіне і яе набліжэнне да Еўропы такім шляхам, як у Фінляндыі, — каб не раздражняць Расею.
Пра гэта ён сказаў у інтэрв'ю выданню Spiegel Online, паведамляе DW.
Бжэзінскі адзначыў, што Расія і ЗША ўжо даўно знаходзяцца ў стане «халоднай вайны», аднак малаверагодна, што яна ператворыцца ў «гарачы канфлікт».
Новая «халодная вайна» не будзе доўжыцца доўга, бо падзеі ў сучасным свеце развіваюцца значна хутчэй, чым калісьці, лічыць аналітык.
На пытанне, ці правільна дзейнічаюць Злучаныя Штаты, плануючы ў адказ на верагодную пагрозу ўварвання Расіі размясціць у краінах Усходняй Еўропы і Балтыі цяжкую ваенную тэхніку, Бжэзінскі адказаў, што гаворка ідзе пра «дзеянні і рэакцыі».
«Я не хачу ніякай вайны, але я не гатовы даць сябе запалохаць сцвярджэннем, што мы правакуем вайну сіметрычнай рэакцыяй. Наадварот: калі мы не будзем рэагаваць, то гэта верны шлях дасягнуць вайны», — лічыць эксперт.
Калі расейскія салдаты ўвойдуць у краіны Балтыі, НАТА абавязкова гэтаму будзе процідзейнічаць, упэўнены Бжэзінскі.
«Для таго НАТА там і ёсць, ці не так? Калі мы ўсім на свеце будзем распавядаць, што не маем на ўвазе тое, што гаворым, і нічога не будзем рабіць, калі нам нешта прычыняюць, то вы можаце павесіць летам на свой дом таблічку «Мы не дома, дзверы не зачыненыя». Ці лічыце вы гэта разумнай стратэгіяй бяспекі?», — прывёў аналогію эксперт.
Гаворачы пра вырашэнне ўкраіна-расійскага канфлікту, Бжэзінскі выступіў за прадастаўленне Украіне зброі Захадам.
«Было б мэтазгодна прадаставіць Украіне абарончую зброю для абароны вялікіх гарадоў, напрыклад, процітанкавае ўзбраенне або мінамёты, таму што мы павінны б павысіць цану расійскага гвалту. Захапіць горад, насельніцтва якога настроенае на абарону, патрабуе надзвычай вялікіх выдаткаў», — аргументаваў ён.
Вырашэнне канфлікту паміж Украінай і Расіяй можа адбыцца па фінскім сцэнары, лічыць Бжэзінскі.
«Украіна павінна мець права свабодна выбіраць сваю палітычную ідэнтычнасць і больш звязвацца з Еўропай. Разам з тым Расію трэба запэўніць, што Украіну не возьмуць у НАТА. Гэта формула рашэння канфлікту», — прапаноўвае ён.
У размове з нямецкімі журналістамі эксперт таксама пазітыўна ацаніў намаганні канцлера Ангелы Меркель для вырашэння ўкраіна-расійскага канфлікту.
«Меркель робіць вельмі добрую працу. А ў Абамы ёсць іншыя праблемы, напрыклад, на Блізкім Усходзе», — так ён пракаментаваў меркаванне журналістаў, што прэзідэнт ЗША фактычна перадаў канцлеру вядучую ролю ва ўрэгуляванні «ўкраінскага крызісу».
***
Збігнеў Бжэзінскі быў дарадцам па пытаннях нацыянальнай бяспекі ў адміністрацыі прэзідэнта ЗША Джыма Картэра (1977-1981 гады).





