Намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд сёння на сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам адзначыў пазітыўныя змяненні ў Беларусі.

«У беларускім грамадстве адбываюцца вялікія змяненні ў лепшы бок, і мы гэта вельмі добра ацэньваем», — сказаў Кент Харстэд. Ён адзначыў, што ўжо некалькі разоў прыязджаў у Беларусь. Першы візіт быў каля 20 гадоў таму, калі Харстэд прадстаўляў ЮНІСЕФ. Таксама ён наведваў рэспубліку ў якасці кіраўніка шведскай федэрацыі дзюдо.

Кент Харстэд таксама адзначыў, што ў ПА АБСЕ ўжо на працягу некалькіх гадоў ідзе плённы дыялог з кіраўніком беларускай парламенцкай дэлегацыі Віктарам Гумінскім. «Вядзенне дыялогу з беларускім бокам вельмі важна па розных аспектах. Важна ўбачыць сітуацыю, якая цяпер ёсць у Беларусі, і якія далейшыя перспектывы», — сказаў Кент Харстэд.

Таксама ён адзначыў, што Швецыя ўспрыняла сігнал прэзідэнта Беларусі аб жаданні палепшыць адносіны.

«Перад тым, як выехаць у Беларусь, я абмяркоўваў гэты сігнал, які быў на мінулым тыдні з боку прэзідэнта Беларусі, наконт устанаўлення добрых адносін са Швецыяй. Шведскі міністр замежных спраў папрасіў мяне перадаць, што гэты сігнал атрыманы», — сказаў Кент Харстэд.

«Швецыя хацела б убачыць такое развіццё адносін. Мы таксама хацелі б, каб адносіны з Беларуссю пашыраліся і паглыбляліся», — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?