У Мінску вызначаныя пяць вуліц, на якіх будзе выдзелена паласа для грамадскага транспарту, паведаміў на прэс-канферэнцыі 1 ліпеня ў Мінску начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак дзяржаўнай установы «Сталічны транспарт і сувязь» Аляксандр Капцюх. 

Паводле яго слоў, горадабудаўнічы праект ужо выкананы і прайшоў усе ўзгадненні. «Такім чынам, у Мінску вызначаны пяць участкаў вулічна-дарожнай сеткі, на якіх у першачарговым парадку неабходна выдзяленне адасобленых палос для руху грамадскага транспарту (аўтобусаў, тралейбусаў, маршрутных і легкавых таксі)», — паведаміў Капцюх. 

Гэта будуць вуліцы Кунцаўшчына, Лабанка, Няміга, Бабруйская, праспект Незалежнасці ў раёне Уручча і вуліца Ціміразева. «Выдзелены пілотны праект у раёне вуліц Кунцаўшчына і Лабанка, па якім праводзіцца перадпраектная падрыхтоўка. Яна паказала магчымасць выдзялення гэтай паласы без канструктыўных змяненняў, толькі пры дапамозе разметкі і знакаў, — адзначыў прадстаўнік установы. — Крыху новае рашэнне — вынясенне прыпыначных пунктаў на праезную частку. Такім чынам вырашаецца складаная праблема з прыпаркаванымі аўтамабілямі. У гэтым выпадку арганізоўваецца рух грамадскага транспарту па другой паласе без заезду ў кішэнь для прыпынкаў. Ёсць прапанова паласу для грамадскага транспарту выдзеліць пэўным яркім колерам». 

«Адзіная пакуль загвоздка — у вызначэнні замоўца на гэтыя работы», — адзначыў чыноўнік. «Ва ўсіх прадпрыемствах горада на гэты год праекты звярстаныя і выдзеленыя сродкі. На гэты праект вылучэнне сродкаў магчымае толькі шляхам валявога рашэння кіраўніцтва горада», — паведаміў Капцюх. Паводле яго меркавання, заказчыкам можа выступіць УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама ці ўнітарнае прадпрыемства «Гаррамаўтадар». 

Капцюх паведаміў, што аб'ём работ і тэрміны нязначныя. «У ідэале іх можна выканаць да восені. Рэалізацыя гэтага праекта пакажа яго неабходнасць і мэтазгоднасць», — лічыць начальнік аддзела. 

У парламенце, паводле яго слоў, прапрацоўваецца пытанне аб ўкараненні сістэмы відэафіксацыі парушэнняў правілаў дарожнага руху. «Калі гэта пытанне вырашыцца, то гэта можа вырашыць праблему з паркоўкамі каля прыпынкаў і выдзеленымі палосамі. Вадзіцель будзе разумець, што за яго парушэннямі сочаць, паласа пачне працаваць. Перавагу атрымаюць пасажыры грамадскага транспарту. А гэта будзе стымуляваць аўтаўладальнікаў перасаджвацца ў грамадскі транспарт», — адзначыў спецыяліст. 

Ён таксама паведаміў, што, паводле разлікаў экспертаў, пры ўкараненні выдзеленай паласы сярэдняя хуткасць грамадскага транспарту павялічыцца на 10 км/гадз (сёння яна складае 16,2 км/гадз).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?