president.gov.by

president.gov.by

Бразганне зброяй каля беларускіх рубяжоў — дарэмная трата часу, заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці Беларусі.

Ён лічыць, што свет не стаў больш спакойным. «Паведамленні аб узброеных канфліктах, тэрарыстычных актах, лакальных войнах усё часцей гучаць у штодзённых навінах. Упершыню з часу Вялікай Айчыннай ідуць баі не толькі недзе далёка, але непасрэдна каля нашых межаў. Вяртанне халоднай вайны становіцца ўсё больш відавочным», — адзначыў беларускі лідар.

«У ахвяру геапалітычным інтарэсам звышдзяржаў прыносяцца стабільнасць і дабрабыт вялізных рэгіёнаў планеты», — сказаў ён.

«Улічваючы горкія ўрокі першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны, мы павінны быць гатовы адбіць любую знешнюю агрэсію. Таму порах заўсёды трэба трымаць сухім!» — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Ажыццяўляючы шматвектарную міралюбівую палітыку, наша краіна вымушана ўсямерна ўмацоўваць свае Узброеныя Сілы», — лічыць беларускі лідар. Паводле яго слоў, беларуская армія папаўняецца новай тэхнікай і ўзбраеннямі, камплектуецца кадрамі высокай кваліфікацыі. У краіне створаны і дзейнічаюць надзейныя сістэмы пагранічнай аховы і тэрытарыяльнай абароны.

«Таму магу пэўна сказаць нашым нядобразычліўцам, калі яны яшчэ засталіся: бразганне зброяй каля беларускіх рубяжоў - дарэмная трата часу», — падкрэсліў ён.

«Мы камусьці як костка ў горле. Вось гэта бедная цэнтральнаеўрапейская невялікая дзяржава, і яны, аказваецца, яшчэ да гэтага часу жывуць, яны яшчэ не ваююць! Гэтым людзям хачу сказаць: вайны ў Беларусі не будзе, мы сваё шчасце знойдзем мірным шляхам, як гэта рабілі заўсёды», — сказаў беларускі лідар.

«Мы ганарымся тым, што мір, спакой і парадак - галоўны здабытак нашай краіны. Без іх немагчыма ні развіццё, ні працвітанне. Гэта той фундамент, на якім заснавана ўсё - і эканоміка краіны, і матэрыяльны дастатак кожнага, і шчаслівае жыццё нас і нашых дзяцей», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«Зберагчы мір, згоду, парадак - гэта не толькі задача дзяржавы і ўлады, калі хочаце, і абавязак кожнага чалавека, хто шчыра любіць сваю зямлю і свой родны дом», — лічыць ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам шмат гаворыцца аб незалежнасці, што гэта свабода, дабрабыт, мір, стабільнасць, права жыць у сваім доме. «Усё гэта правільна, усё гэта так. З майго пункту гледжання, незалежнасць — гэта магчымасць. Усё, што мы атрымліваем ад незалежнасці, само не прыходзіць. Гэта вынік карпатлівай, цяжкай працы па выкарыстанні магчымасцей, што адкрыліся. Пры гэтым трэба помніць — незалежнасць каштуе дорага. І тая цана, якую заплаціў наш народ, — гэта цана, каб быць незалежным, а каб захаваць незалежнасць - плацім і будзем плаціць шмат. Іншага не дадзена, калі мы хочам жыць у сваёй краіне, на сваёй зямлі, рабіць яе больш прыгожай і завяшчаць сваім дзецям», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

На думку кіраўніка дзяржавы, тое, што Беларусь стала цэнтрам для ўрэгулявання міжнародных канфліктаў, паказвае, што свет бачыць шчырасць, сумленнасць і адкрытасць беларускай палітыкі. «Мы ніколі не дружым з кімсьці і супраць каго б там ні было. Беларусь ніколі не стане спекуляваць на міждзяржаўных супярэчнасцях. Ніколі не будзе шукаць сваю выгаду ва ўрон каму б там ні было», — сказаў беларускі лідар.

«Але мы патрабуем такіх жа шчырых, адкрытых, паважлівых адносін і да нашай краіны. Мы гатовы дружыць, дапамагаць і супрацоўнічаць з усімі, але толькі на прыцыпах узаемнай выгады і роўнасці», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што навейшая гісторыя незалежнай Беларусі ясна паказала, што любыя спробы ізаляцыі дзяржавы контрпрадукцыйныя.

«Міралюбівая палітыка маладой незалежнай дзяржавы выпакутавана ўсёй гісторыяй нашага народа, як і яе незалежнасць», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, важным палітычным вынікам Другой сусветнай вайны стала прызнанне міжнароднай супольнасцю значнага ўкладу беларускага народа ў перамогу над фашызмам. Краіна ўвайшла ў лік заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. «Беларусь па праву з'яўляецца паўнацэнным суб'ектам міжнароднай палітыкі. Мы не раз выступалі аўтарам найважнейшых ініцыятыў у Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па спыненні міжнароднага наркатрафіку, гандлю людзьмі, адстойвалі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці», — сказаў беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу на тое, што сёння Беларусь энергічна пашырае геаграфію кантактаў, умацоўваюцца адносіны з такімі буйнымі дзяржавамі, як Кітай і Індыя, развіваецца цеснае супрацоўніцтва з краінамі Лацінскай Амерыкі, вядзецца пошук агульных падыходаў з дзяржавамі Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Лукашэнка адзначыў, што Беларусь ужо адчувае ад гэтага практычны вынік.

Умацаванню пазіцый Беларусі на сусветнай арэне служыць удзел у маштабных інтэграцыйных працэсах. Беларусь стала ініцыятарам стварэння такіх інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы, як Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, Мытны саюз, а затым і Еўразійскі эканамічны саюз. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што маштабны праект ЕАЭС ахоплівае некалькі соцень мільёнаў чалавек і мае валавы ўнутраны прадукт $2,2 трлн. На думку беларускага лідара, гэта магчымасць сумесна пераадольваць крызіс і знаходзіць новыя шляхі развіцця.

Беларусь уключана ў глабальную эканамічную ініцыятыву Кітая па стварэнні новага Шаўковага шляху, якая выдатна дапаўняе праект Еўразійскага эканамічнага саюза, паколькі гандлёвыя дарогі будуць пралягаць па яго тэрыторыі, адзначыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?