Міністэрства фінансаў Беларусі апублікавала фінансавыя справаздачы адкрытых акцыянерных таварыстваў краіны за першы квартал 2015 год. Гэта каля 2250 кампаній.

Апроч іх, пра свае страты і прыбыткі паведамілі каля 200 кампаній, якія выпускалі на рынак свае аблігацыі.

Нарэшце, Нацбанк апублікаваў справаздачы трох дзясяткаў банкаў краіны.

На падставе звестак пра фінансавы стан амаль 2500 кампаній «Наша Ніва» склала традыцыйны топ-20 самых прыбытковых і стратных кампаній з адкрытай справаздачнасцю.

Для зручнасці ўспрымання лічбаў сумы пераведзеныя ў даляры па сярэднім квартальным курсе ($1=BYR14786,17).

Кампанія Прыбытак
1. Беларуськалій 196,1
2. Газпром трансгаз Беларусь 111,0
3. Мазырскі НПЗ 94,2
4. БМЗ 30,1
5. Банк развіцця 27,1
6. Белгазпромбанк 19,8
7. Віцебскэнерга 18,8
8. Беларусбанк 16,9
9. Пінскі КХП 16,8
10. Гродна Азот 15,3
11. Прыёрбанк 14,7
12. Гомельэнерга 12,4
13. Беларуская чыгунка 11,5
14. Гомельтранснафта Дружба 11,1
15. Еўрагандаль 8,7
16. 558 Авіяцыйны рамонтны завод 8,6
17. Беларуская калійная кампанія 7,4
18. Банк БелВЭБ 6,8
19. Белаграпрамбанк 6,7
20. Слуцкі цукроварафінадны камбінат 5,8

Лічбы ўказаныя ў мільёнах даляраў.

Першае, што кідаецца ў вочы пры аналізе справаздач – абвальнае падзенне прыбыткаў у кампаній. Звычайна «прахадны бал» для таго, каб трапіць у топ-20 самых паспяховых прадпрыемстваў за квартал, складае каля $20 мільёнаў. Цяпер жа гэтая лічба апусцілася ніжэй за $6 мільёнаў.

Флагманам эканомікі застаецца «Беларуськалій», які зарабіў чыстымі $196 мільёнаў. Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод традыцыйна займае верхнія пазіцыі. Цяпер ён застаўся на трэцім месцы, прапусціўшы наперад «Газпром трансгаз Беларусь» (былы «Белтрансгаз». Абедзве кампаніі прынеслі прыблізна па $100 мільёнаў.

Іншыя прадпрыемствы засталіся далёка ззаду. Напрыклад, іншая нафтаперапрацоўка, «Нафтан», зарабіла за квартал усяго $3,7 мільёна і ў топ-20 не патрапіла.

Сярод банкаў найлепшыя вынікі прадэманстраваў «Белгазпромбанк» – $19,8 мільёна. Летась падкантрольная «Газпрому» структура была сярод банкаў пятай па прыбытковасці.

А вось цяпер удалося абысці традыцыйнага лідара – дзяржаўны «Беларусбанк» ($16,9 мільёна). Непадалёку і прыватны «Прыёрбанк» ($14,7 мільёна). Астатнія банкі істотна адсталі.

Галоўная неспадзяванка – высокая пазіцыя Пінскага камбіната хлебапрадуктаў ($16,8 мільёна).

З прыватных прадпрыемстваў марку трымае «Еўрагандаль» (сетка «Еўраопт»), які зарабіў $8,7 мільёна. Аднак у параўнанні з леташнімі лічбамі гэта замала.

Што да стратных кампаній, то іх налічылася сем сотняў.

Кампанія Страты
1. Брэстэнерга 73,4
2. Дэльта Банк 40,7
3. МАЗ 25,6
4. Гомсельмаш 19,5
5. МТЗ 16,0
6. Мінскэнерга 15,8
7. Белавія 9,0
8. Светлагорскі ЦКК 6,2
9. Краснасельскбудматэрыялы 5,4
10. Гомельшкло 4,8

Лічбы ўказаныя ў мільёнах даляраў.

На дне нечакана апынулася «Брэстэнерга» – -73,4 мільёна! Страты атрыманыя за кошт інвестыцыйнай дзейнасці.

Непадалёку знаходзіцца патанулы «Дэльта Банк». У сярэдзіне сакавіка ва ўкраінскую фінансавую ўстанову была ўведзеная знешняя адміністрацыя. Не дзіўна, калі ўлічыць -$40,7 мільёна чыстых стратаў, атрыманых за першы квартал. У выніку «Дэльта Банк» збанкрутаваў.

А вось прамысловыя гіганты – МАЗ і МТЗ – ужо даўно прапісаліся ў шэрагах самых стратных прадпрыемстваў.

* * *

«Беларуськалій», «Трайпл», банкі — топ-20 самых прыбытковых кампаній краіны за 2014 год

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?