Відэагульня World of Warships беларускай кампаніі Wargaming і піцерскай каманды Lesta Studio выйшла са стадыі закрытага тэсту — цяпер у яе можа згуляць кожны ахвочы.
Як і ў World of Tanks, гульцы сустрэнуцца ў масавых анлайн-баталіях, але цяпер на караблях часоў Другой сусветнай вайны. Гуляць можна бясплатна, але дзейнічае анлайн-магазін бонусаў.
Гульня была анансаваная яшчэ ў жніўні 2011 года, але дагэтуль знаходзіцца на стадыі бэта-тэсту.
Гульцам даступныя 80 эсмінцаў, крэйсераў, лінкораў і авіяносцаў амерыканскага і японскага флоту. У будучыні флатылія World of Warships будзе дапоўненая савецкімі і брытанскімі караблямі. Пакуль для баталій даступныя дзесяць лакацый.
Віртуальная валюта прывязаная да агульнага акаўнту Wargaming — грошы, укладзеныя ў World of Tanks, — можа быць выкарыстаная і ў «караблях» (як кажа заснавальнік Wargaming Віктар Кіслы, плацяць каля 25% карыстальнікаў, у сярэднім з чалавека прыходзіць 25 даляраў на месяц).
Чытайце таксама: Першая беларускамоўная гульня «Легенды Айзенвальда» выйшла ў продаж





