Скараціць час продажу спіртнога з 9 раніцы да 9 вечара прапанаваў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віктар Сянько, перадае БЕЛТА.

У дадатак да абмежаванняў на час уборачнай кампаніі прапануецца скараціць час продажу алкаголю да 12 гадзін на дзень, з 9 раніцы да 9 вечара. У розных крамах час продажу алкаголю такім чынам скароціцца на 1-3 гадзіны.

«Праблемнае пытанне для Віцебшчыны, як і многіх іншых рэгіёнаў, — п'янства, — тлумачыць Сянько. — Гэта пагроза нашаму грамадству. Кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў стане алкагольнага ап'янення. А такія злачынствы, як забойства, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у 80% выпадкаў здзяйсняюцца пад уздзеяннем спіртнога. Прычым па месцы жыхарства, за зачыненымі дзвярыма. Там, дзе міліцыя не ў сілах эфектыўна зрэагаваць, прафілактаваць».

Міліцыя Віцебшчыны, паведаміў Сянько, таксама звярнулася да губернатара з просьбай забараніць продаж алкаголю ў парку Пераможцаў у Віцебску.

Дабраахвотнае кадзіраванне ў Віцебскай вобласці прайшлі за бягучы год 3,3 тысячы чалавек, рэмісія назіраецца ў 15-20%, у лекавальна-працоўныя прафілакторыі накіраваныя 570 чалавек (з іх 134 жанчыны).

Як паведаміў Сянько, крымінагенная абстаноўка ў вобласці за першае паўгоддзе не змянілася (каля 5400 злачынстваў, з іх каля 3400 — па лініі крымінальнага вышуку), раскрывальнасць злачынстваў складае 57%.

 ***

Падчас анлайн-канферэнцыі на сайце tvr.by намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч згадвала праект указу, што ўжо паступіў у парламент, які можа абмежаваць продаж алкаголю пасля 22 па ўсёй краіне. Але пакуль адміністрацыйныя адзінкі прымаюць рашэнні па абмежаванні продажу алкаголю самастойна. Напрыклад, у Мінску з 15 чэрвеня продаж алкаголю абмежаваны пасля 10 вечара. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?