Намеснік старшыні Парламенцкай асамблеі АБСЕ Кент Харстэд 2 ліпеня ў Мінску абмеркаваў перадвыбарную сітуацыю ў Беларусі з прадстаўнікамі каманд патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 11 кастрычніка.

Як паведаміў намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін, з беларускага боку акрамя яго ў сустрэчы ўдзельнічалі старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, лідар кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў і першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Марголін адзначыў, што Харстэд ужо не першы раз наведвае Беларусь, а таму «някепска арыентуецца ў сітуацыі». «Яму, як і многім у Еўропе, хацелася б у кантэксце змены геапалітычнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе, звязанай з падзеямі ва Украіне, змяніць нейкім чынам узаемаадносіны Беларусі і ЕС. Але ён разумее, што проста так гэта зрабіць немагчыма, што патрэбныя крокі насустрач з боку нашай краіны. Беларускія ўлады заяўляюць пра гатоўнасць зрабіць такія крокі. Наколькі гэтыя словы будуць адпавядаць дзеянням, ПА АБСЕ збіраецца назіраць падчас выбарчай кампаніі», — сказаў ён.

Прадстаўнікі беларускіх палітычных структур растлумачылі Харстэду, што, калі б ва ўладаў было жаданне правесці сумленныя выбары, яны б іх ужо правялі. «Пакуль з боку ўлады ніякіх пазітыўных сігналаў у гэтым кірунку няма», — лічыць Марголін.

***

Намеснік старшыні ПА АБСЕ ўжо правёў сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аленай Купчыной, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам і яго намеснікам Віктарам Гумінскім, кіраўніцтвам Цэнтрвыбаркама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?