Доўгі час мясцовыя жыхары лічылі, што гэта фрагмент даваеннага склепу, які немцы не здолелі знішчыць, спальваючы Налібакі ў 1943 годзе.
— А ці ведаеце вы, што гэта такое? — пытаюся ў пані Ірэны.
— Гэта жыдоўская лазня, мусіць. Казалі, што там мылі дзяцей некалі. Тут жа ўся наша вуліца перад вайной была скрозь жыдоўскай. А вунь там стаяла сінагога і іхная школа — паказвае рукою пані Ірэна ў бок свайго агарода.
Спаруда ў двары Ірэны Францаўны нагадвае сучасны мініяцюрны басейн. Жанчына старанна здымае з яго ахоўнае драўлянае вечка і паказвае на ваду, якая стаіць у ім.
— Вада ніколі не высыхае. Я часам і сама дзіўлюся. Як дождж пройдзе дык яна і стаіць. Як назбіраецца многа той вады дык я бяру і паліваю ёй агарод. А потым ізноў.
Ірэна Францаўна не памыляецца: водны рэзервуар ў яе двары сапраўды належаў налібацкай габрэйскай грамадзе. Але да вайны гэтае месца было не проста лазняй, дзе мыліся мясцовыя габрэі. Каменная спаруда ў двары пані Ірэны — гэта габрэйская рытуальная купальня, якую самі іўдзеі называюць міквай.
«Міква — гэта створаны чалавекам басейн, які часткова напаўняецца прыроднай вадой (дажджом, снегам) і гэтая вада не можа быць праточнай — тлумачыць нам беларускі габрэй Давід Лісоўскі. — Вады павінна быць мінімум 750 літраў».
Налібацкая міква да вайны знаходзілася ў драўляным дамку. Але ў 1941 годзе немцы спалілі яго разам з сінагогай, якая знаходзілася ў некалькіх метрах ад міквы.
Як тлумачыць Давід Лісоўскі, наліваць у мікву ваду пры непасрэдным дзеянні чалавека забараняецца. Чалавек мусіць спачатку вымыцца ў звычайным душы, лазні, і толькі поўнасцю чыстым фізічна некалькі разоў акунуцца ў мікву з галавой. За акунаннем звычайна мусіць назіраць супрацоўнік міквы, каб упэўніцца, што чалавек правільна акунаецца і дапамагчы, калі будуць пытанні.
Ад рытуальнанага бруду ў мікве адмываюцца не толькі людзі, але і прадметы. Ёсць міквы для посуду, куды трэба акунуць новы посуд перад першым выкарыстаннем.
«Дарэчы, калі габрэі селяцца ў нейкім новым месцы, дзе раней іх не было, першае, што яны мусяць зрабіць, гэта міква — працягвае Давід Лісоўскі. — Яна патрэбна нават перад тым, як пабудаваць сінагогу ці знайсці равіна».
Паводле іўдаізму, ад міквы залежыць сямейнае жыццё. Жанчыны пасля месячных павінны акунацца ў мікву і толькі пасля гэтага яны могуць зноўку дакранацца да мужа.
Веруючыя габрэі лічаць, што без міквы не будзе ніякіх сямейных стасункаў, не будзе дзяцей і шчасця.
Вуліца Віленская (цяпер Садовая). Да вайны на ёй жылі пераважна габрэі.
Да Другой сусветнай вайны ў Налібаках жылі сотні габрэяў. У іх былі свае крамы, бровары, пякарні, майстэрні, гатэль і школа. Але налібацкіх габрэяў Ірэна Францаўна не памятае, бо нарадзілася незадоўга да вайны, якая амаль усіх іх у мястэчку знішчыла. Засталася толькі каменная міква, як той камень, што сімвалізуе вечнасць, які габрэі кладуць на магілу памерлага, каб ушанаваць яго памяць.





