У Беларусі адзначаюць галоўнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці.

Галоўныя святочныя падзеі разгорнуцца сёння ў Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў. Тут ад самай раніцы будуць праходзіць спартыўныя паказальныя выступленні, а ў 13.00 пачнецца канцэрт.

На тэрыторыі амфітэатра перад фантанам каля Палаца спорту пройдзе традыцыйны турнір па сілавым экстрыме, а на зялёнай зоне будзе працаваць выстава-кірмаш «Горад майстроў», дзе можна будзе наведаць майстар-клас па народнай прыкладной творчасці.

У Верхнім горадзе ўвесь дзень будуць праводзіцца мерапрыемствы з удзелам вулічных музыкантаў, тэатраў, аніматараў, жывых скульптур, мастакоў. 

Завершацца святкаванні каля стэлы «Мінск — горад-герой».

У 22.00 там пачнецца гала-канцэрт у межах рэспубліканскай акцыі «Мы, беларусы — мірныя людзі», якая праводзілася з лютага. 

Святочны салют будзе дадзены ў 23.00, пасля традыцыйнай акцыі «Праспяваем гімн разам».

Салютаваць будуць з шасці агнявых пазіцый: у парку Перамогі, на пустцы ў раёне пасёлка Навінкі, у аэрапорце Мінск-1, на пустцы ў раёне Чыжоўскіх могілак, на пустцы каля вадасховішча Дразды, у ваенным гарадку Уручча. На ўсіх пазіцыях, апрача той, што каля стэлы ў Мінску, будзе дадзена 30 залпаў. А ў раёне стэлы феерверк будзе бесперапынным на працягу 10 хвілін, інтэрвал паміж стрэламі можа складаць 0,1 секунды. 

Пасля салюту пачнецца другая частка гала-канцэрта, якая працягнецца да 00.30.

Святкаванні і масавыя гулянні сёння будуць арганізаваныя таксама ва ўсіх гарадах краіны. 

***

Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынятае падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 года. Дагэтуль галоўнае дзяржаўнае свята адзначалася 27 ліпеня — яно было прымеркаванае да даты падпісання Вярхоўным Саветам БССР у 1990 годзе Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Між тым, беларуская апазіцыя і яе прыхільнікі лічаць, што адлік незалежнасці дзяржавы варта весці з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікай Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 25 сакавіка 1918 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?